Уладзімір Пугач і Лявон Вольскі выпусцілі песню «Дыхаем зноў»
Музыкі Уладзімір Пугач і Лявон Вольскі выпусцілі песню «Дыхаем зноў», натхнёную падзеямі лета 2020 у Беларусі. Раней музыкі ўжо выконвалі разам кампазіцыю «Такога няма нідзе».
Тое, што адбываецца ў Беларусі ў апошнія месяцы не магло не адбіцца ў творчасці музыкаў розных жанраў і пакаленняў. Уладзімір Пугач і Лявон Вольскі не сталі выключэннем. Як прызнаецца аўтар — Уладзімір Пугач — песня была напісана практычна на адным дыханні, што здараецца далёка не заўсёды.
— Дуэт з Лявонам менавіта ў «Дыхаем зноў» мне бачыўся зусім гарманічным. Некалькі гадоў таму мы ўжо выканалі разам песню «Такога няма нідзе», але тады Лявон прапанаваў мне паўдзельнічаць. Прызнацца, я чакаў моманту, калі змагу зрабіць тое ж самае. Да майго гонару і вялікай радасці, ён адразу пагадзіўся, — кажа лідар J: Морс.
Лявон Вольскі адзначыў, што цяпер час сам кажа аб тым, што трэба аб’ядноўвацца, рабіць калабарацыі. І песня выйшла вельмі прыгожай.
— Калі пачуў «Дыхаем зноў» першы раз, адчуў тую атмасферу раніцы, калі ты прачынаешся і разумееш, што ўчора здарылася нешта для цябе вельмі істотнае, натхняльнае.
Песня «Дыхаем зноў» увойдзе ў новы альбом гурта J: Морс, выхад якога запланаваны на восень 2020 года.