Уладзімір Пугач выступіў у Батумі



У грузінскі Батумі ў прасторы BackDoor адбыўся вялікі канцэрт Уладзіміра Пугача. На канцэрт завітала больш сотні беларусаў, якія жывуць у гэтым грузінскім горадзе. Уладзімір выконваў песні на трох мовах: па-расейску, па-беларуску, таксама прагучала некалькі песень па-ўкраінску.

Сваімі ўражаннямі з канцэрта  падзяліліся слухачы, што былі на выступе Уладзіміра Пугача:  

– Вельмі спадабаўся. У некаторыя хвіліны былі слёзы ў вачах.

– Канцэрт быў вельмі файны. Я лічу, што гэта быў вельмі круты канцэрт. Дзякуй за тое, што Уладзімір да нас завітаў. Няхай гэта будзе часцей. Вельмі добры канцэрт. Як на Радзіме пабывалі, столькі сваіх сабралася. Цёпла на душы становіцца ад таго, калі знаходзішся за мяжой і бачыш столькі сваіх, то адчуваеш, што мы яшчэ жывыя.

Па словах Уладзіміра Пугача, канцэрт у Батумі – гэта была плынь энергіі:

– Гэта была ўзаемная плынь энергіі ў два бакі. Шчыра кажучы, я не ведаў чаго чакаць, бо я не ведаў наколькі дыяспара вялікая і наколькі яна гатовая ўспрымаць беларускую музыку. Я бачу, што гэта не той выпадак, калі прыехалі і распусціліся ў мясцовай культуры. Бачна, што тут ёсць суполка, што людзі адчуваюць сябе беларусамі, трымаюцца разам. Гэта было бачна і чутна на канцэрце. Я атрымаў асалоду ад такога мерапрыемства.

Увечары 12 лістапада Уладзімір Пугач выступіць у сталіцы Грузіі – Тбілісі, дзе ў прасторы Auditoria завяршыцца яго міні-тур па Грузіі.

Беларускае Радыё Рацыя