Уладзімір Сазанчук: Ізноў працую над кнігай пра ГКЧП
Экс-адвакат палітвязня Мікалая Статкевіча распавёў пра тое, што зараз рыхтуе сваё дапоўненае выданне пра падзеі 30-гадовай даўніны.
Уладзімір Сазанчук быў да нядаўняга часу адвакатам палітыка Міколы Статкевіча, але не так даўно яго пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.
Уладзімір Сазанчук: Зараз у мяне больш вольнага часу, таму вырашыў заняцца тым, да чаго раней, як кажуць, рукі не даходзілі.
У жніўні будзе 30 год, як адбылося ГКЧП. А я ў свой час напісаў кнігу “Ці быў ізаляваны Гарбачоў у Фаросе?”, якая пабачыла свет у 1992 годзе тыражом 10 тысяч экзэмпляраў. Тады гэты тыраж практычна ўвесь разышоўся ў Беларусі, а да Расеі ды іншых краін СНД кніга не дайшла. Таму зараз, да 30-годдзя ГКЧП, я хачу перавесці гэтае выданне ў электронны выгляд. І не проста перавесці, а дапоўніць яго пэўнымі каментарамі.
РР: Як прыйшла ідэя напісання гэтай кнігі?
Уладзімір Сазанчук: Напачатку 90-х я працаваў следчым па асабліва важных справах пракуратуры Менскай вобласці. Калі адбыўся путч, з Беларусі мяне і яшчэ трох следчых камандзіравалі ў Маскву ў следчую брыгаду, якая займалася расследваннем па “справе ГКЧП”. Мы давалі прававую ацэнку дзеянням КДБ па ізаляцыі Міхаіла Гарбачова ў Фаросе, таму матэрыяла назбіралася багата. Было пра што напісаць.
РР: Ці чытаў вашу кнігу Гарбачоў?
Уладзімір Сазанчук: Вось гэта я не ведаю. Магчыма, не чытаў, бо, як ужо казаў, выданне разыходзілася пераважна ў Беларусі. Калі не чытаў, то зараз у яго будзе такая магчымасць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя