Уладзімір Вушакоў: Шукаем п’есы пра сённяшнія падзеі ў Беларусі
Заўтра, 10-га снежня, у Кіеве распачне свой дэбютны сезон “Беларускі сучасны мастацкі тэатр за мяжой”. Першым спектаклем стане “Бывший сын” паводле рамана беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі. Твор – шматпакутны: у Беларусі прэм’еру забаранілі, затым пастаноўка рэінкарнавалася ў відэафармаце, цяпер жа яна вяртаецца на “класічную” сцэну, але ва Украіне.
Якія эмоцыі пануюць цяпер у каманды, якая перспектыва чакае тэатр, а таксама чаму адкрывацца вырашылі досыць нашумелым ужо спектаклем, расказаў рэжысёр пастаноўкі Уладзімір Вушакоў.
РР: Чаму сезон беларускага тэатра пачынаецца менавіта з «Бывшего сына»?
Уладзімір Вушакоў: Гэта, відаць, нашая візітоўка, наш адказ – чаму мы зараз за мяжой. І мы павінны гаварыць пра тое, што адбылося з краінай і чаму тэатр быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Мы пачынаем сезон у Кіеве, ва Украіне.
РР: Чаму менавіта тут?
Уладзімір Вушакоў: Так склалася, што калі мы выпускалі спектакль, нам не далі гэта зрабіць у Менску, папярэдзілі, што могуць арыштаваць і артыстаў, і гледачоў. І мы запісалі відэа версію. Вырашылі паказаць спектакль у Кіеве, ужо з другімі артыстамі, хто жыве зараз у Кіеве. Каб гледачы пабачылі і быў водгук менавіта жывы, менавіта ў той перыяд, калі нам забаранілі гэта гаварыць уголас.
РР: Распавядзіце, калі ласка, як адбываўся падбор артыстаў і чаму менавіта на іх выпаў выбар.
Уладзімір Вушакоў: Першы набор быў з тых артыстаў, якія з’ехалі з Беларусі, або з тых, хто жыў тут раней. Не так шмат прафесійных беларускіх артыстаў, якія жывуць у Кіеве. Таму адбор быў недзе выпадковы, напэўна, не да канца мы думалі каб рабіць нейкія кастынгі, хацелі, каб гэта здзейснілася як мага хутчэй. Каб гэта ўсё аператыўна спрацавала і можна было пабачыць спектакль. Гэта атрымалася ў траўні. Але за летні перыяд, зразумела, у многіх змяніліся планы, хтосьці з’ехаў з Украіны, хтосьці пачаў займацца іншымі справамі. Таму зараз склад памянялі. І сёння мы зноў пачынаем з нуля, і маем той патэнцыял, які ёсць на сённяшні дзень у Кіеве. Украінскія артысты і тэатры нас падтрымалі і дапамагалі, каб гэтая праца здзейснілася. Таму я рад, што гэта адбываецца хоць не хутка, але ўпэўнена. І вось прыканцы снежня мы пакажам спектакль у складзе, які, спадзяюся, будзе пастаянным.
РР: Можна некалькі прозвішчаў?
Уладзімір Вушакоў: У спектаклі занятыя вядомыя для Украіны артысты – гэта Алена Крыўда, Аляксей Еравенка, Алег Прымагенаў, Вольга Мароз, Васіль Працук, Анастасія Кулікоўская. У прынцыпе тыя, хто неабыякавы да рамана Сашы Філіпенкі і хто перажывае за тое, што адбываецца ў Беларусі.
РР: А што надалей, пасля таго, як адбудзецца гэтая прэм’ера? Ці ёсць ужо нейкія думкі, планы наконт наступнай пастаноўкі?
Уладзімір Вушакоў: Лета мы дарэмна не гублялі – падрыхтавалі спектакль-камедыю. Так як Украіна вольная краіна і зацікаўленні тут розныя, таму тэатр мусіць быць рознапланавы. Мы падрыхтавалі спектакль «Будынак дагары дрыгам» – вельмі смешная камедыя, якая, спадзяюся, будзе дапамагаць дзейнасці тэатра – быць такім цягніком і выклікаць цікавасць да тэатра менавіта ў простага гледача. Зараз рэпетуецца, і, спадзяюся, у студзені выйдзе прэм’ера па Вудзі Алену «Мужы і жонкі». Таксама мы зараз актыўна шукаем п’есы, якія гавораць пра тое, што ў нас адбываецца ў Беларусі. Мы ў пошуку.
Цалкам размова:
А падтрымаць беларусаў украінцы, відавочна, падрыхтаваныя, бо нездарма прэм’ера пройдзе пры падтрымцы ўкраінскага міжнароднага фонду “Адраджэнне”. Запрашаем на дэбютны спектакль “Беларускага сучаснага мастацкага тэатра за мяжой” “Быўшы сын”, які адбудзецца 10 снежня на сцэне Нацыянальнага цэнтра імя Аляксандра Даўжэнкі ва Украіне.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя