Уладзімір Ягоўдзік – самы чытэльны дзіцячы пісьменнік Менску
За мінулы 2018 год самым чытэльным дзіцячым пісьменнікам Менску стаў Уладзімір Ягоўдзік.
Яго кнігі на беларускай мове карысталіся летась найбольшай папулярнасцю ў сталіцы Беларусі. І іх найчасцей бралі школьнікі ў дзіцячых бібліятэках. Дыплом лепшаму дзіцячаму пісьменніку мінулага года быў уручаны Уладзіміру Ягоўдзіку ў Менскай цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Астроўскага. Дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Менску Таццяна Швед адзначыла, што ў апошні час вельмі вялікім попытам сталі карыстацца ў дзіцячых бібліятэках кнігі на беларускай мове. У некалькі разоў, па словах Таццяны Швед, павялічылася іх кнігавыдача. “І гэта нас асаблівае радуе,” – адзначыла спадарыня Таццяна.
Дарэчы, у цэнтралізаваную сістэму дзіцячых бібліятэк Менску ўваходзіць 18 дзіцячых бібліятэк з пяццю філіяламі. Штогод гэтыя бібліятэкі абслугоўваюць каля 121 тысяч юных мінчан.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Менск