Уладзіміру Караткевічу — 85 (абноўлена)



26 лістапада мінула 85 гадоў з дня народзінаў нашага выбітнага паэта і пісьменніка, заснавальніка жанру гістарычнага дэтэктыву ў беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. «Гэта чалавек, які дбаў пра Беларусь і пра паўставанне беларускай нацыі», – выказвае сваё меркаванне літаратар і выдавец Алесь Аркуш:

– Нядаўна выйшла гэтая публікацыя пра дзённік Караткевіча, у якой паведамлялася, што ў ягоным кабінеце вісеў вялікі партрэт Кастуся Каліноўскага з дароўным надпісам Зянона Пазьняка на адваротным баку. І тое, што гэты партрэт вісеў побач з працоўным сталом, шмат пра што гаворыць. У яго былі адмысловыя пасылы. Пісьменнік разумеў, што піша па-беларуску і менавіта так піша, каб захапляць моладзь, каб ствараць беларускамоўнага чытача, каб ствараць сучасную Беларусь.

karatkevich_04

* * *

26 лістапада спаўняецца 85 гадоў славутаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу. З гэтай нагоды ў розных гарадах Беларусі адбудзецца некалькі юбілейных імпрэзаў.

Менск

У сталічнай Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (пр. Незалежнасці, 37а) адбудзецца вечарына да 85-годдзя Уладзіміра Караткевіча. У імпрэзе возьмуць удзел старшыня творчага саюзу Барыс Пятровіч, першы намеснік старшыні Алесь Пашкевіч, літаратары Уладзімір Арлоў, Анатоль Верабей, Анатоль Вярцінскі, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законнікаў, Уладзімер Някляеў, спявак Алесь Камоцкі.

На вечарыне прэзентуюць часопіс «Дзеяслоў» № 78 з публікацыяй раней невядомых дзённікаў Уладзімера Караткевіча. Пачатак у 18:30, уваход вольны.

Ворша

На радзіме пісьменьніка ў Воршы адбудзецца адкрыццё мастацкай выставы Беларускага Саюзу мастакоў «Зямля пад белымі крыламі — 2015». Адкрываць выставу будзе яшчэ адзін вядомы аршанец — мастак Мікола Купава.

А 16 гадзіне ў гарадскім цэнтры культуры пачнецца святочны канцэрт, прысвечаны юбілею пісьменніка.

Гародня

29 лістапада — «Уладзімір Караткевіч і хрысціянства». Мастацкая культурна-асветніцкая вечарына.

Возьмуць удзел: даследчыкі Аляксей Пяткевіч, Анатоль Брусевіч, манах Іаан (Бембель), протаярэй Георгі Рой, ярэй Павал Каспяровіч, рок-спявак Алесь Дзянісаў, бард Тацяна Салаўёва. Літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч распавядзе пра апублікаваны ў новым нумары «Дзеяслова» дзённік Уладзімера Караткевіча.

29 лістапада, пачатак а 18.30, актавая заля Сьвята-Пакроўскага сабора (Гародня, вул. Акадэмічная, 2)

Тэлебачанне

Тэлеканал СТВ запусьціў у эфіры акцыю памяці, у якой беларускія артысты чытаюць урыўкі з твораў Караткевіча — з казкі «Чортаў скарб», з аповесці «Сівая легенда», з раманаў «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім» ды іншых.

Тэлеканал Беларусь-3 пачынаючы з 23 лістапада кожны дзень паказвае мастацкія фільмы і спектаклі паводле твораў Караткевіча. Ужо паказалі фільм «Маці ўрагану», спектакль «Сіняя-сіняя». 25 і 26 лістапада пакажуць «Чорны замак Альшанскі» і дакументальны фільм пра пісьменніка «Сівая легенда».

Радыё Свабода