Унікальная кніга пра слонімскі футбол



У Менску выйшла з друку ўнікальная кніга пра гісторыю слонімскага футбола.

Не кожны райцэнтр Беларусі можа пахваліцца такім выданнем. А Слоніму пашанцавала. Былы журналіст “Газеты Слонімскай” Аляксандр Захаранка і былы слонімец, а цяпер масквіч Сяргей Чарамісін, напісалі і выпусцілі кнігу “Слонімскі футбол. Ад каманды завода да прафесійнага клуба, 1969-1993”.

Сяргей Чарамісін у прадмове адзначыў, што ён проста захацеў зрабіць на памяць падарунак сваёй маленькай радзіме. І падарунак, сапраўды, атрымаўся каштоўным.

Бясплатна кнігу атрымаюць усе ветэраны слонімскага футбола, якія гулялі за каманды Слоніма ў 1969-1993 гадах. Гэтыя падарункі аўтара кнігі прэзентуюць ім у суботу, 16 лістапада, падчас гульні каманд першай лігі “Слонім-2017” і “Лакаматыў” (Гомель).

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім