Унікальная выстава «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей»
22 ліпеня 2021 г. у Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрыецца выстава «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей». На ёй упершыню будуць разам прадстаўлены разам аўтэнтычныя сведчанні пра знакамітага пісьменніка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, інфармуе прэс-служба ўстановы.
Упершыню ў Менску можна будзе пабачыць нядаўна адшуканую пахавальную пліту пісьменніка, якая стала сапраўднай сенсацыяй у айчынным літаратуразнаўстве і дазволіла адкрыць малавядомыя старонкі яго біяграфіі. Разам з ёй на выставе будуць прадстаўлены найбольш каштоўныя артэфакты з фондаў бібліятэкі — аўтэнтычныя прыжыццёвыя выданні Яна Баршчэўскага: зборнік «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844–1846), альманах «Незабудка» (1840–1844) і іншыя вельмі каштоўныя выданні.
Сёлета пры падтрымцы Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл і Расонскага раённага выканаўчага камітэта надмагільная пліта вагою ў 35 кілаграмаў была дастаўлена ў Беларусь і экспанавалася ў музеях роднай для пісьменніка Віцебшчыны: у Расонах, Полацку і Віцебску, а цяпер ненадоўга трапіла ў Мінск. Тут яе разам са знакамітымі, але рэдкімі выданнямі Яна Баршчэўскага можна будзе пабачыць у Музеі кнігі.
Выстава будзе працаваць толькі адзін тыдзень — з 22 да 29 ліпеня. Пасля гэтага каштоўная пліта вернецца на месца свайго паходжання, а рэдкія выданні трапяць назад у фондасховішча Нацыянальнай бібліятэкі. Не прапусціце ўнікальную магчымасць пабачыць каштоўныя рарытэты, якія збераглі памяць і славу нашага знакамітага земляка і пісьменніка!
Адкрыццё выставы адбудзецца 22 ліпеня 2021 г. а 16 гадзіне ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3 ці паверх). Уваход на адкрыццё і экспазіцыю — вольны для ўсіх наведвальнікаў.