Унікальную кнігу выдаў краязнавец з Косаўшчыны
Краязнавец, педагог, руплівы збіральнік самабытнай беларускай народнай лексікі Алесь Зайка жыве ў вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна. Кола яго навуковых зацікаўленняў улучае дыялекталогію, фразеалогію, параміялогію, мікратапаніміку, фалькларыстыку і гісторыю сялібаў. Ён выдаў “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” (2011 г.), “Населеныя пункты Івацэвіччыны” (2012 г.), “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны” (2013 г.). А нядаўна ў менскім выдавецтве “Тэхналогія” пабачыла свет новая кніга Алеся Зайкі з вельмі доўгай назвай “Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя пагаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны”.
Гэта кніга – першае ў Беларусі сістэматызаванае апісанне парэміялагічнага і фразеалагічнага багацця мовы жыхароў аднаго з куткоў Беларусі – радзімы Тадэвуша Касцюшкі. Запісы фальклорнага матэрыялу зроблены даследнікам у 1969-2014 гадах. Нашаму карэспандэнту Алесь Зайка сказаў: “Гэта кніга – плён маёй доўгай, клапатлівай працы. Працы, якая, што праўда, аніяк не абцяжарвала. Наадварот, прыносіла радасць, адчуванне споўненага абавязку перад людзьмі – маімі суайчыннікамі, што збераглі, захавалі ў маўленні жывое народнае слова. Мяне заўсёды здзіўлялі яркасць і моц іх мастацкага мыслення, уменне выказвацца асацыятыўна, вобразна, дасціпна. Усім ім – мой шчыры дзякуй”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Івацэвіцкі раён
Фота аўтара