Унікальная выстава Юрыя Якавенкі ў Гародні
У Гародні адкрылася выстава выбітнага графіка і ілюстратара Юрыя Якавенкі. У два залы незалежнай прасторы на вуліцы Гараднічанская сабрана паўсотні працаў, якія аўтар стварыў яшчэ напрыканцы ХХ стагоддзя.
Пра працы распавядае сам майстра Юры Якавенка:
– Гэта маладосць. Гэта адказ вельмі просты. Гэта мая маладосць, гэта мой пачатак, гэта мае першыя амбіцыі, гэта маё жаданне рабіць глабальна, шмат, з вялікімі памерамі, здзівіць, захапіць. Малады мастак пра што марыць? Толькі пра гэта.
Па словах адной з арганізатарак выставы Ірыны Варкулевіч, працы Юрыя Якавенкі – унікальныя.
– Вельмі цікава вярнуцца да самога сябе. Паглядзець на сябе інакш. Калі ты ўжо вельмі моцна змяніўся. Усё змянілася. Прыгожая, атмасферная выстава. Яна адкрытая. Першы раз мы экспануем без шкла. На “жывы” афорт можна паглядзець. Да яго можна дакрануцца, толькі асцярожна. Мы адкрытыя, мы давяраем.
Выстава мае назву “Бясчассе” і будзе працаваць у Гародні да 24 лютага. Яе можна наведаць тройчы на тыдзень – у сераду, пятніцу і суботу ў паабедзенны час па адрасе Гараднічанская, 23.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча