Унікальны абрад “нашэння намёткі” ў вёсцы Папшычы
Абрад нясення намёткі адбыўся ў вёсцы Папшычы Глыбоцкага раёна падчас свята Спаслання Святога Духа.
Унікальная дзея не перарывалася там шмат дзясяцігоддзяў, нават у часы атэізму, і існуе да цяперашняга часу.
Гэты каталіцкі абрад унесены ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі.
Як кажа айцец Яраслаў Банасяк, свята нясення намёткі звязана са знакавай падзеяй – шмат год таму людзі ў гэтым рэгіёне былі цудоўным чынам уратаваныя ад цяжкай хваробы, па некаторых звестках – ад халеры:
– Усе людзі памерлі, акрамя тых, што ў вёсцы Папшычы. Людзі маліліся і быццам бы заўважылі плашч, такую вопратку, якая над гэтай зямлёй Папшыцкай расцягнулася. І ад гэтага дня людзі падтрымліваюць традыцыю і носяць ад капліцы намітку белую – аж на могілкі.
Па словах айца Яраслава Банасяка, гэтая традыцыя была, ёсць і будзе. Хоць вёска Папшычы вымірае, але моладзь і дзеці падтрымліваюць сваіх продкаў і прыязджаюць сюды з іншых гарадоў.
Тацяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя