Унікальныя выданні Ігара Мельнікава: прэзентацыя ў Гародні



Гісторык Ігар Мельнікаў прадставіў у гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця выданні,  зробленыя за апошнія два гады. Сярод выданняў – унікальны альбом “Мяжа была пад Мінскам 1921-1941 гг.”, зроблены аўтарам накладам 100 асобнікаў.

Пра адметнасць гэтага выдання распавядае Ігар Мельнікаў:

– Гэта кніга, увогуле, адметная для ўсіх беларусаў, таму што феномен даваеннай савецка-польскай мяжы амаль недаследаваны ў беларускай гісторыяграфіі, а таксама не праілюстраваны цікавымі здымкамі. Таму ў кожным горадзе, дзе я прэзентую кнігі, у кожным месцы гэта выклікае вялікую цікавасць, у тым ліку ў Гародні. Гэта памежны горад, як і Берасце, дзе былі часткі корпуса аховы памежжа. Гэта горад, які змагаўся ў 1939-м годзе. Аспект верасня 39-га года ў гэтай кнізе вельмі актуальна і падрабязна паказаны.

На думку гарадзенскага гісторыка Зміцера Люціка, кнігі Ігара Мельнікава будуць цікавыя кожнаму аматару гісторыі:

Кнігі Ігара Мельнікава цікавыя не толькі гарадзенскім гісторыкам, але наогул жыхарам Заходняй Беларусі, бо прысвечаны гэтыя кнігі перадусім нашаму рэгіёну, былой частцы Беларусі, якая пасля 1921 года апынулася ў межах польскай дзяржавы – Другой Рэчы Паспалітай. Якраз такі накірунак, у якім ён працуе, даволі цікавы, бо дагэтуль мала хто вывучаў жыццё Заходняй Беларусі менавіта з ваеннага боку.

За дзве гадзіны сустрэчы гарадзенцы змаглі даведацца пра розныя малавядомыя факты гісторыі ХХ стагоддзя.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня