Універсітэт імя Ніла Гілевіча рыхтуе дакументы на атрыманне ліцэнзіі



Кіраўніцтва ГА „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) плануе ў лютым падаць у Міністэрства адукацыі дакументы для атрымання ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць прыватнага Універсітэта імя Ніла Гілевіча. Пра гэта БелаПАН паведаміў ганаровы старшыня ТБМ, выканаўца абавязкаў рэктара гэтай ВНУ гісторык Алег Трусаў.

„Калі нічога не зменіцца, хочам ужо на пачатку лютага падаць усе дакументы, — сказаў ён. — У нас была затрымка з-за праграм і розных метадычных інструкцый. Пад кожную спецыяльнасць трэба даць вучэбны план. Гэта вельмі складаная, марудная і няўдзячная праца, бо трэба прапісаць усе прадметы, пазначыць, хто будзе чытаць, колькі гадзін. Усё робіцца на грамадскіх пачатках”.

„Мы хочам адкрыць шэсць спецыяльнасцяў. Сярод іх такія накірункі, як камп’ютарныя тэхналогіі ў сферы культуры і адукацыі; ахова культурных помнікаў, гістарычнай спадчыны, турызм; паланістыка; германістыка; мастацкі пераклад; урбаністыка. Пад іх мы робім шэсць папак з вучэбнымі планамі, праграмамі, раскладам заняткаў і гэтак далей. Нават калі міністэрства дазволіць нам рыхтаваць студэнтаў толькі па адной спецыяльнасці, мы ўсё роўна пачнем працу”, — падкрэсліў Трусаў.

Паводле слоў выканаўцы абавязкаў рэктара ВНУ, адказ з Міністэрства адукацыі мусіць прыйсці цягам месяца пасля падачы дакументаў. Калі просьбу рэктарата аб выдачы ліцэнзіі задаволяць, заняткі могуць распачацца ўжо сёлета. Трусаў адзначыў, што пры станоўчым адказе міністэрства да верасня плануецца набраць на кожную спецыяльнасць да 60 студэнтаў, агулам да 360 першакурснікаў.

„Калі нам дадуць дазвол, трэба будзе падаваць заяўкі на розныя гранты, а таксама шукаць даволі вялікія грошы на арэнду памяшканняў і частковую аплату персаналу, — паведаміў ганаровы старшыня ТБМ. — Аплату для студэнтаў мы хочам зрабіць у памеры 1.000 долараў на год — самую нізкую ў Беларусі, каб у нас была канкурэнтная перавага. З улікам грантаў нам спатрэбіцца самае меншае 1—1,5 мільёна рублёў на чатыры гады. Калі выдаткоўваць грошы вельмі сціпла, гэтага мусіць хапіць. Канешне, пажадана было б мець на гэты тэрмін 1 мільён долараў, тады можна было б спакойна пачынаць працу”.

„Да таго ж нам патрэбны будынак, разлічаны на тое, каб на чацвёрты год ён змяшчаў чатыры курсы па 360 студэнтаў, а таксама памяшканне для персаналу і выкладчыкаў. Чатыры будынкі гатовыя ўзяць нас хоць сёння. Гэта цалкам прыстасаваныя для навучання памяшканні ў будынках, дзе былі прыватныя ўніверсітэты. Некалькі з гэтых ВНУ зараз закрываюцца і здаюць свае памяшканні ў арэнду”, — адзначыў Трусаў.

Ён таксама паведаміў, што ва Універсітэце імя Ніла Гілевіча ўжо сфарміраваная бібліятэка, фонд якой налічвае больш за 800 слоўнікаў, падручнікаў, метадычную літаратуру на беларускай, англійскай, польскай і рускай мовах.

Ствараць прыватны беларускамоўны ўніверсітэт ТБМ пачало ў 2017 годзе. У канцы верасня таго ж года Мінгарвыканкам зарэгістраваў ВНУ як структурнае падраздзяленне ТБМ і вылучыў памяшканне пад офіс будучай навучальнай установы, аднак пасля гэтага сталічныя ўлады доўгі час адмаўляліся рэгістраваць яе назву. Пасля паўтара дзясяткаў няўдалых спроб ВНУ зарэгістравалі пад назвай „Універсітэт імя Ніла Гілевіча”. Неўзабаве пасля гэтага быў зарэгістраваны статут універсітэта, згодна з якім навучанне студэнтаў у перспектыве будзе весціся па 56 спецыяльнасцях.

Улетку 2018 года кіраўніцтва ТБМ запусціла сайт універсітэта, а таксама адкрыла некалькі банкаўскіх рахункаў для тых, хто хоча ахвяраваць грошы на развіццё гэтай адукацыйнай установы.

У верасні 2018-га пры ўніверсітэце адкрыліся падрыхтоўчыя курсы. На гэты момант на іх ходзяць каля 70 дарослых і падлеткаў. Праходзяць заняткі па матэматыцы, фізіцы, хіміі, гісторыі Беларусі, беларускай, англійскай, нямецкай і польскай мовах. Навучанне вядзецца на беларускай мове. Слухачы плацяць 200 рублёў за 72 гадзіны навучання і могуць выбраць тры любыя прадметы.

belapan.by