Упарадкавалі сядзібу Міколы Арочкі



Апошнія 20 гадоў доктар філалагічных навук, паэт, літаратуразнавец і перакладчык Мікола Арочка (1930-2013) жыў у роднай вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна. Там ён на мясцовым пагосце знайшоў свой апошні спачын побач з сынамі.

У Вецявічах захавалася хата Міколы Арочкі, розныя прыбудовы, агород, сад. На хаце летась устанавілі мемарыяльную шыльду. А адзіную вуліцу ў Вецявічах назвалі ў гонар усіх вецявіцкіх Арочкаў. Нядаўна, перад Днём беларускага пісьменства і друку, супрацоўнікі мясцовых сельскіх Савета і гаспадаркі, а таксама Слонімскага лясгасу ўпарадкавалі сядзібу Міколы Арочкі. Вакол хаты землякі скасілі траву і спілавалі сухія дрэвы і кусты, адрамантавалі плот. Добра было б, каб яшчэ паставілі вароты і веснічкі, а таксама зашклілі б акно. Хата і надворак даўно патрабуюць догляду, тым больш, што там нарадзіўся адзін з таленавітых беларускіх літаратараў, аўтар шматлікіх кніг, у тым ліку і драматычных паэм “Крэва”, “Курганне”, “Каранацыя Міндоўга” і іншых.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара