Упершыню па-беларуску пачала друкавацца трылогія Рэйманта “1794 год”



Выйшаў з друку краязнаўчы і гісторыка-культурны часопіс “Нясвіжскія каеты” (№ 3-4), які выдаюць Валер Дранчук, Леанід Качановіч, Станіслаў Суднік і Наталля Плакса.

Часопіс парадуе чытачоў шматлікімі матэрыяламі па гісторыі Нясвіжчыны. Найперш гэты нумар адметны тым, што ён упершыню пачаў друкаваць на беларускай мове гістарычную трылогію Уладзіслава Рэйманта “1794 год”, пра нацыянальна-вызвольнае паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Трылогію на беларускую мову пераклаў Станіслаў Суднік.

“Нясвіжскія каеты” на сваіх старонках паведамляюць пра тое, што на Нясвіжчыне знайшлі самае буйное паселішча суслікаў на Беларусі. Часопіс распавядае і пра пілігрымку ТБМ у вёску Сейлавічы, пра каляндар “Маляванкі ў Ваш дом”, пра архіепіскапа Афанасія (Мартоса), пра Нясвіжскае паўстанне 1919 года, пра тое, што абувалі і апраналі жыхары вёскі Сейлавічы напачатку ХХ стагоддзя… А пра сваё бачанне Сымона Буднага разважае на старонках выдання Віктар Дземеш, ёсць там і шэраг іншых цікавых даследаванняў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя