Упершыню ў Беларусі выдадзены творы Юльяна Сергіевіча



У менскім выдавецтве “Кнігазбор” упершыню надрукаваны вялікі том твораў былога заходнебеларускага паэта, публіцыста і мастака Юльяна Сергіевіча (1910-1976). Кніга мае цудоўную назву “За волю родных хат”. Яе сабраў, напісаў прадмову і каментар вядомы літаратуразнавец і руплівец на ніве роднай культуры з Маладэчна Міхась Казлоўскі.

У том выбраных твораў Юльяна Сергіевіча ўвайшло ўсё лепшае з яго літаратурнай спадчыны. Аснову выдання склалі паэзія, успаміны, эпісталярная спадчына Юльяна Сергіевіча, артыкулы, эсэ пра самога аўтара і яго творчасць.

Юльян Сергіевіч нарадзіўся ў вёсцы Юраўшчына былога Ашмянскага павета (цяпер Маладэчанскі раён). У сярэдзіне 1920-х гадоў быў актывістам БСРГ і ТБШ. Напярэдадні Другой сусветнай вайны яго дэмабілізавалі ў польскую армію, трапіў у палон, знаходзіўся ў лагерах для ваеннапалонных, выконваў розныя работы ў баўэра ў Германіі. Вярнуўшыся на Радзіму, працаваў настаўнікам. Быў рэпрэсаваны, да 1956 года знаходзіўся ў сталінскіх лагерах. А калі вярнуўся дамоў, жыў у вёсках Ленкаўшчына і Манішчыцы на Маладэчаншчыне, працаваў настаўнікам.

Першы верш Юльяна Сергіевіча быў апублікаваны ў 1922 годзе ў часопісе “Маладое жыццё”. Друкаваўся таксама ў часопісах “Маланка”, “Шлях моладзі”, у зборніку Рунь веснаходу” (1928), а таксама ў кнізе “Ростані волі” (1990) і іншых. Вобраз Юльяна Сергіевіча стаў прататыпам аднаго з герояў рамана Янкі Брыля “Птушкі і гнёзды”.

Дзякуючы Міхасю Казлоўскаму і фундатару выдання Галіне Асіповіч спадчына забытага Юльяна Сергіевіча вярнулася да беларускага чытача.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя