Урочышча Грушка можа стаць аналагам польскай Грабаркі
Надаць статус нематэрыяльнай каштоўнасці ўрочышчу Грушка хочуць жыхары Камянецкага раёну на Берасцейшчыне.
Урочышча Грушка знаходзіцца паміж вёскамі Бушмічы і Вярховічы. Для многіх гэтае месца стала святым.
Штогод сотні паломнікаў ідуць да яго з малітвалі і крыжамі. Менавіта тут у полі пад грушкай у мінулым стагоддзі было з’яўленне Божай Маці.
Мясцовыя жыхары сталі хадзіць да яе з малітвамі, а з часам немцы пабудавалі часоўню. Напрыканцы 50-ых гадоў мінулага стагоддзя месца было зруйнавана саветамі, і толькі на пачатку 90-ых паломніцтва было адноўлена.
Мясцовая краязнаўца, спадарыня Таццяна адзначыла, што паломніцтва да Грушкі стала сапраўднай праваслаўнай традыцыяй:
– У знак ушанавання Прасвятой Багародзіцы нясуць людзі стужкі і ўпрыгожваюць крыжы, упрыгожваюць галіны грушкі. Прыязджаюць людзі з блізкіх вёсак, але пра гэтае месца ведаюць не толькі ў нашым Камянецкім раёне, але едуць паломнікі з іншых абласцей Беларусі, з Польшчы нават прыязджаюць.
Мясцовая супольнасць – веруючыя людзі, краязнаўцы, даследчыкі – хочуць унесці Грушку ў спіс нематэрыльнай каштоўнасці ў Беларусі. Калі такое рашэнне будзе прынята на ўзроўні ўладаў, то Грушку можна будзе назваць беларускім аналагам польскай Грабаркі.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце