Урок беларусазнаўства ў сельскай бібліятэцы
У Востраўскай сельскай бібліятэцы Слонімскага раёна адбыўся ўрок беларусазнаўства пад назвай “Любім і ведаем родную беларускую мову”. Урок для дарослых і юных вяскоўцаў правяла загадчыца бібліятэкі Кацярына Ігнатовіч. На ўрок-сустрэчу былі запрошаны слонімскія сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў Сяргей Чыгрын і Мікола Канановіч. Мікола Канановіч родам з вёскі Вострава, і вяскоўцы ўпершыню даведаліся, што іх земляка нядаўна прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, з чым яго ўсе шчыра і павіншавалі.
Сяргей Чыгрын на ўроку беларусазнаўства прачытаў некалькі сваіх вершаў, прысвечаных роднай мове, адказаў на пытанні дарослых. А сам урок быў складзены не толькі з беларускай паэзіі, але і жартаў, конкурсаў, прымавак, загадак, жыццёвых гісторый. Самыя актыўныя “вучні” на ўроку беларусазнаўства атрымлівалі цукеркі і падзякі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара