Урок, прысвечаны гісторыі фатаграфіі
У Слонімскай сярэдняй школе № 8 адбыўся незвычаны ўрок сярод старшакласнікаў. Ён называўся “Таямнічасць фатаграфіі”. Яго правяла кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага гуртка Ніна Анішчык. Ніна Міхайлаўна не толькі цікавы педагог, але і калекцыянер. На ўрок яна прынесла шмат старых фотаапаратаў, кніг, у якіх адлюстравана гісторыя Слоніма на старых паштоўках, а таксама старых фотаздымкаў пачатку ХХ стагоддзя.
На сустрэчу з вучнямі і настаўнікамі педагог запрасіла і слонімскага пісьменніка Сяргея Чыгрына, які напісаў шмат кніг пра Слонім, у тым ліку і кніг, прысвечаных Слонімшчыне на старых фотаздымках і паштоўках. Госць распавёў школьнікам і настаўнікам пра гісторыю слонімскай зямлі, пра першых тутэйшых фатографаў, сярод якіх прыгадваўся і Юзаф Шыманчык, які фатаграфаваў Палессе і Слонім у 1930-х-1940-х гадах, а таксама пра пасляваенных слонімскіх фатографаў і фатографаў пачатку XXI стагоддзя.
Да сустрэчы была наладжана цікавая выстава старых фотаапаратаў і фотаздымкаў з калекцыі Ніны Анішчык, а таксама кніг Сяргея Чыгрына, прысвечаных Слонімшчыне.
Анжэла Морыс, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара