Урок у медкаледжы, прысвечаны беларускім скарбам
Слонімскі літаратар, гісторык і краязнавец Сяргей Чыгрын правёў незвычайны ўрок у Слонімскім медыцынскім каледжы. Ён быў прысвечаны лёсу старадаўніх музейных і бібліятэчных збораў, а таксама ўкрадзеным скарбам на Беларусі.
Навучэнцы і выкладчыкі з вялікай цікавасцю слухалі выступоўцу, які цікава распавядаў пра зніклых у мінулых стагоддзях 12 залатых апосталаў Радзівілаў з Нясвіжскага замку, пра Крыж Еўфрасінні Полацкай, які бясследна прапаў падчас Другой сусветнай вайны з Магілёўскага абласнога музея. Зніклі таксама нясвіжская калекцыя слуцкіх паясоў, выданні Францішка Скарыны, багатая калекцыя зброі і рыцарскіх панцыраў. Спыніўся выступоўца і на слонімскіх скарбах, сярод якіх прапалі шахматная дошка Льва Сапегі, срэбны медаль-манета 138 года да нашай эры з надпісам на старажытнаяўрэйскай мове часоў Сімона Макавея, англійскія гадзіннікі, музычныя інструменты, кнігі, карціны, посуд. Зніклі ў свой час і габелены са слонімскага палаца Агінскага. “Беларусь, відаць, з’яўляецца адзінай краінай у свеце, дзе нацыянальных культурных скарбаў, матэрыяльных і духоўных, на Радзіме меней, чым за яе межамі”, – сказаў Сяргей Чыгрын.
Падчас сустрэчы будучыя медыкі і выкладчыкі задавалі госцю шмат пытанняў, а таксама фатаграфаваліся на памяць.
Святлана Бельская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара