Уручэнне прэміі “Дэбют” перанеслі на наступны год



Уручэнне прэміі “Дэбют” пераносіцца на наступны год. Аднак на фестывалі “Прадмова” адбудзецца адмысловая імпрэза з нагоды дзесяцігоддзя прэміі.

Зазвычай прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ўручалася аўтарам да 35-ці гадоў у трох намінацыях: паэзія, проза і мастацкі пераклад. Але ў 2019 годзе выйшла недастатковая колькасць кніг нават для фармавання поўнага спісу. У сувязі з адсутнасцю канкурэнцыі ў дзвюх намінацыях заснавальнікі прэміі прынялі рашэнне сёлета не праводзіць прэмію. Пры гэтым кнігі, пададзеныя на конкурс, будуць разглядацца ў наступным годзе, – паведамляе прэс-служба Саюза беларускіх пісьменнікаў. Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча была заснаваная ў 2010 годзе Дабрачынным фондам “Вяртанне”, Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменнікаў.