Уручэнне прэміі імя Наталлі Арсенневай — 6 снежня
Каляды зусім блізка – самы час крыху запаволіцца і настроіцца на святочны лад. Прапануем зрабіць гэта разам з цудоўнымі беларускімі паэтамі і музыкамі ў цёплай сяброўскай атмасферы. Сустрэча адбудзецца пад знакам Наталлі Арсенневай – прэмія імя якой за найлепшую кнігу паэзіі будзе ўручаня падчас імпрэзы.
Уручэнне прэміі Арсенневай і музычна-паэтычная вечарына адбудуцца 6 снежня ў Прэс-клубе (вул.Веры Харужай 3-601). Пачатак – а 18:30. Уваход вольны.
Удзел возьмуць: Уладзімір Арлоў, Зміцер Вайцюшкевіч, Ганна Комар, Наста Кудасава, Уладзімір Някляеў, Андрэй Хадановіч.
У кароткі спіс прэміі за найлепшую паэтычную кнігу мінулага году ўвайшлі:
Ганна Комар „Страх вышыні”
Наста Кудасава „Маё невымаўля”
Уладзімір Някляеў „Толькі вершы”
Сяргей Прылуцкі „Патрыятызм для чайнікаў”
Міхась Скобла „Камізэлька для месяца”
Андрэй Хадановіч „Цягнік Чыкага-Токіё”
Юлія Цімафеева „Цырк”
У складзе журы прэміі сёлета працавалі вядомыя літаратары, перакладчыкі і літаратуразнаўцы – Ірына Багдановіч, Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Глазаў, Вальжына Морт і Ціхан Чарнякевіч.
Прэмія за найлепшую паэтычную кнігу заснаваная ў гонар выдатнай беларускай паэткі, зоркі літаратуры Заходняй Беларусі, аўтаркі знакавага верша “Магутны Божа” Наталлі Арсенневай. Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.
Усю актуальную інфармацыю можна знайсці ў фэйсбуку прэміі і на сайтах арганізатараў. Сузаснавальнікамі прэміі з’яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне “Бацькаўшчына”.
Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Сёлета прэмія будзе ўручацца ўпершыню, але плануецца, што яна стане штогадовай.
Паводле арганізатараў