Усе помнікі ў Беларусі і свеце ў гонар Францішка Скарыны



Завяршаецца 2017 год, у які дзяржава і грамадскасць у розныя спосабы адзначалі як год 500-ых угодкаў беларускага кнігадрукавання. Дата гэтая звязаная з выданнем першай кнігі на старабеларускай мове славутым друкаром і асветнікам Францішкам Скарынам. Аднак новых помнікаў выдатнаму дзеячу нашай гісторыі сёлета так і не паўстала. Адзіная радасць – яшчэ летам урад Малдовы ўхваліў рашэнне пра ўстаноўку ў сталіцы гэтай краіны Кішынёве помніка-бюста беларускаму першадрукару. Пераможцам конкурсу эскізных праектаў помніка-бюста Скарыну ў Кішынёве стаў менскі скульптар Генік Лойка. Помнік мусіў быць пастаўлены ўвосень, але нешта не чуваць было пакуль пра яго адкрыццё.

У гэтым жа матэрыяле хочацца расказаць пра ўсе помнікі Францішку Скарыну, якія ёсць у Беларусі і за яе межамі.

Асабіста мне было заўсёды цікава прайсці вандроўным шляхам Скарыны, пабываць у мясцінах, дзе жыў і працаваў вялікі друкар, пахадзіць па той зямлі, дзе вельмі-вельмі даўно крочыў ён. Задума пачалася рэалізоўвацца ў Вільні, а канчаткова здзейснілася ў 2000-ым годзе ў італійскай Падуі. Паміж імі былі падарожжы ў Полацк і Кракаў, Пазнань і Прагу.

Першы помнік Скарыну ў Беларусі пастаўлены ў слаўным горадзе Полацку, на радзіме друкара 11 жніўня 1974 года. Аўтарам праекту быў Аляксей Глебаў, усталёўвалі помнік пасля смерці скульптара яго вучні – Ігар Глебаў і Андрэй Заспіцкі.

Помнік Скарыну ў Полацку

„Сонца Маладзіковае” Францішка Скарыны

У Падуі, якую насамрэч апенінцы называюць Падова, разам з калегам мы шукалі памятную дошку на будынку мясцовага ўніверсітэту. Цікава, што з чатырох чалавек, якіх мы спаткалі і запыталіся па дарозе на страшнай моўнай трасянцы пра аб’ект нашага інтарэсу, ажно двое ведалі пра нашага асветніка. Ці нам так пашэнціла, ці то сапраўды падаванцы так шануюць сярэднявечнага доктара медыцыны, але гэтая акалічнасць дазволіла перажыць нам у далёкай Італіі асаблівую радасць.

З Эдвардам Дмухоўскім у Падове, 21 жніўня 2000 года

Шыльда ў Падове была адчынена 20 кастрычніка 1992 года

А ў 1996-ым годзе пашчасціла адчуць сапраўдны гонар за сваю краіну, калі на нацыянальнай чэшскай бібліятэцы Клеменцінум, што зусім побач са знакамітым Карлавым мостам, была адчынена дошка ў гонар Скарыны (скульптар Алесь Дранец).

Урачыстае адкрыццё дошкі Скарыну на Клеменцінуме, 29 кастрычніка 1996 года

А ў пражскім раёне Градчаны ў той жа дзень яму ўрачыста быў адкрыты поўнавартасны помнік (скульптар Эдуард Астаф’еў)  з тлумачальнай табліцай на камяні, прывезеным з Беларусі.

Адкрыццё помніка Скарыну на Градчанах, 29 кастрычніка 1996 года

У лістападзе 1990 года памятная шыльда Скарыну ўсталявана ў Вільні. Шыльда гэтая размешчана па адрасе Didzioji, 19, у самым цэнтры Вільні, непадалёк гарадской ратушы. Усталявана на старым будынку 16 стагоддзя, які належаў бурмістру горада Якубу Бабічу. Сведчыць пра тое, што ў 1520 годзе беларускі асветнік Скарына перавёз сюды з Прагі сваю друкарню.

Шыльда Скарыну ў Вільні

А яшчэ ў Вільні ў адным з дворыкаў ёсць помнік „Летапісец”. Ён прысвечаны Скарыну, а таксама Івану Фёдараву і Пятру Мсціслаўцу, якія распачалі кнігадрукаванне на нашых і суседніх землях.

Помнік „Летапісец” у Вільні, фота vilnia-by.com

25 ліпеня 1993 года з ініцыятывы мясцовага ТБМ помнік Францішку Скарыну (аўтар праекту -Валер’ян Янушкевіч) усталяваны ў Лідзе. Устаноўкай займаўся лідскі скульптар Рычард Груша.

Помнік Скарыну ў Лідзе 

Тры помнікі Францішку Скарыну ўсталяваны ў Менску. Аўтарам аднаго з іх ёсць Алесь Дранец. Бронзавага Скарыну меліся паставіць каля Акадэміі Навук яшчэ ў 1990 годзе, аднак тая задума не была рэалізаваная. Помнік паставілі толькі ў 2005 годзе каля новага будынку Нацыянальнай бібліятэкі.

Фота minsk-old-new.com

Помнік Скарыну каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску

Яшчэ адзін помнік (скульптар Сяргей Адашкевіч)  вялікаму асветніку ўсталяваны ў беларускай сталіцы ў дворыку БДУ. 

Помнік Скарыну ў скверыку БДУ ў Менску, фота bygeo.ru

Яшчэ адзін помнік Скарыну ў Менску, далёкі ад класічных канонаў, размешчаны ў сталічным Купалаўскім скверы

 

Фота Арцёма Лявы

У 2005 годзе помнік Скарыну з’явіўся яшчэ ў адным замежным горадзе – Калінінградзе (колішнім Кёнігсбергу). У 1530 годзе друкар прыехаў туды, каб паступіць на службу да герцага Альбрэхта і заснаваць друкарню. Але неўзабаве вярнуўся ў Вялікае княства Літоўскае. Скульптура працы Анатоля Арцімовіча была ўсталявана ў двары Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Помнік Скарыну ў Калінінградзе, фота bygeo.ru

І адзін чалавек можа прынесці славу цэлай нацыі…

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя

фота аўтара, з вольнага сеціва і архіву аўтара