Усевалад Сцебурака: Такога не было нават у лепшыя гады савецкай улады



Апошнія пяць гадоў у кожнай вобласці Беларусі выходзіць свой літаратурны альманах, які выдае мясцовая абласная суполка Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Намеснік старшыні СПБ Усевалад Сцебурака адзначае, што гэта істотна ўплывае на рэгіянальны культурны працэс.

– Я падкрэсліваю, што такога не было і ў савецкі час, калі падтрымлівалася любая рэгіянальная актыўнасць. У розны час выходзілі альманахі ва ўсіх абласных цэнтрах, але каб працяглы час, вось на працягу пяці гадоў, кожная вобласць выдавала без перапынку кожны год такі якасны літаратурны зборнік, такой сітуацыі ў Беларусі не было.

Усевалад Сцебурака адзначае, што кожны абласны літаратурны альманах мае сваю асаблівасць і сваё кола аўтараў.

– Вельмі класна, калі далучаюцца сталыя аўтары, якія нібыта перараслі, скажам, такія калектыўныя зборнікі, раптам яны даюць тэксты – і яны ўпрыгожваюць альманах, гэта адназначна. Ёсць рэгіянальнае супрацоўніцтва. Часам у альманахі трапляюць людзі, якія пакінулі межы роднай вобласці, перасяліліся ў іншае месца, але яны дасылаюць тэксты – па-зямляцку падтрымліваюць. Ёсць выпадкі трансгранічнага супрацоўніцтва, калі, напрыклад, Берасцейшчына сябруе з украінцамі і аўтары з Валыні даюць тэксты туды. Карацей, пра кожны альманах па вялікім рахунку можна такія цікавосткі асобныя згадваць.  

Маюць свае літаратурныя альманахі таксама вобласці беларуска-польскага памежжа. На Гарадзеншчыне выходзіць альманах “Стары Замак”. На Берасцейшчыне – “Жырандоля”.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя