Усім сэрцам да роднага краю



У Слонімскай гарадской дзіцячай бібліятэцы вучні-пяцікласнікі Слонімскай гімназіі сустрэліся са сваім земляком пісьменнікам, краязнаўцам і журналістам Сяргеем Чыгрыном.

Вядомы зямляк цікава распавёў усім пра гісторыю слонімскай зямлі, пра тых людзей, якія тут жылі і займаліся літаратурай, культурай і навукай. Сяргей Чыгрын адказаў на шматлікія пытанні і дзяцей, і дарослых. Гутарка ішла і пра рэспубліканскае свята беларускага пісьменства, якое адбудзецца ў наступным годзе ў Слоніме. На сёння, па словах Сяргея Чыгрына, на Слонімшчыне не ўшанаваны ніводзін мясцовы пісьменнік. Няма помнікаў, бюстаў, шыльдаў тым літаратарам, якія нарадзіліся на Слонімшчыне. Даўно пара ўшанаваць імёны Кандрата Лейкі, Гальяша Леўчыка, Яўгена Хлябцэвіча, Анатоля Іверса, Алега Лойкі, Міколы Арочкі, Івана Сяргейчыка і многіх-многіх іншых.

Падчас сустрэчы Сяргей Чыгрын распавёў прысутным пра свае новыя творчыя літаратурныя планы, пазнаёміў прысутных з некаторымі ўласнымі кнігамі, якія пабачылі свет у 2017-2018 гадах. Да сустрэчы была арганізавана выстава кніг літаратара пад агульнай назвай “Усім сэрцам да роднага краю”.

[Not a valid template]

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара