Усмешка Караткевіча



Чытаю пра адзначэнне Народзінаў Уладзіміра Караткевіча, якія былі 26 лістапада. Не буду даваць фактуру па адрасах ды імёнах, каб не навесці на добрых людзей дробнае, але шкоднае зло, кшталту вядомых «інфаказачак». Але зраблю акцэнт на тым, што людзі не проста згадвалі імя Уладзіміра Караткевіча, але рабілі гэта ў тым ліку з дэкламаваннем вершаў аўтара, а таксама з гітарай ды іншай музыкай.

Хто не ведаў, патлумачу, што словам «інфаказачка» пазначаецца асоба, якая змагаецца з беларушчынай. Ёсць адна такая персанажка ў Гародні. Дарэчы, форму «Гародня» супраць лінгвістычна правільнага «Горадня» у паўсядзённасць увёў Уладзімір Караткевіч. Гэта такая вось моўна «фішачка». Дзеля павагі да гарадзенцаў я пачаў казаць «Гародня».

Але да якіх гарадзенцаў? Інфаказачка – таксама з Гародні. Яна на столькі апантана займалася дэбеларусізацыяй Беларусі, што ўмудрылася ўвайсці ў канфлікт нават з мясцовымі лукашыстамі ў пагонах – перавысіла нефармальна дадзеныя ёй паўнамоцтвы.

Так, тое, што адбываецца ў Беларусі ў сферы нацыянальнай палітыкі, мае ўсе прыкметы этнацыду. Знішчаецца ўсё новаарганізаванае беларускае. Яскравы прыклад – беларуская лацінка прыбіраецца з указальнікаў. Усе гэтыя спрэчкі як прачытае амерыканец «Кастрычніцкая» ці «Каздрычніджая» былі пустым таптаннем у інтэрнэтах. Зразумела, што задача была найперш навучыць беларусаў сваёй лацінцы.

Лацінку прыбралі, цяпер пайшло змаганне з беларускамоўнымі абвесткамі на вакзалах. Гэта ўсё ўжо праходзілі ў савецкія часы. Інфаказачкі ды іншыя антыбеларускія нячысцікі раптам атрымалі амаль уседазволенасць. З падачы сваіх ідэйных натхняльнікаў з Масквы, яны ўжо які год спрабуюць скінуць з п’едэсталу, напрыклад, вобраз Кастуся Каліноўскага.

Ладна лацінка, яе можна абгарнуць у вокладку змагання з «калектыўным Захадам». Але зляпіць з Каліноўскага адмоўнага персанажу не атрымаецца. Бо быў савецкі партызанскі атрад імя Каліноўскага. Ёсць вуліца ў Менску, ёсць яшчэ даваенных часоў кіно.

А яшчэ ёсць Уладзімір Караткевіч. Можна выкінуць з падручнікаў «Каласы пад сярпом тваім» – аўтарскае бачанне асобы Кастуся Каліноўскага Караткевічам. Але самаго Караткевіча вы не выкінеце, рускамірцы.

Так, можна працягваць вышукваць дзе б яшчэ чаго вонкавага знішчыць, але сутнасна беларушчына даўно ўкаранілася.

Наш добры геній Уладзімір Караткевіч глядзіць з сваіх лепшых фотаздымкаў з усімешкай. Ён ведаў наперад, што развіццё беларушчыны не спыніць, не стрымаць.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя