Уся гісторыя Статута ВКЛ на новай выставе



16 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыецца выстаўка рарытэтаў з Беларусі і Латвіі «Правобраз еўрапейскай Канстытуцыі», прымеркаваная да Дня Канстытуцыі.

Арганізатары – Нацыянальная бібліятэка Беларусі пры ўдзеле Пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы і Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта.

Беларусы былі аднымі з першых у свеце, хто займеў канстытуцыйнае заканадаўства. Статут Вялікага Княства Літоўскага, складзены па-беларуску і зацверджаны ў 1588 г., меў усе рысы сапраўднай Канстытуцыі, пабудаванай на прынцыпах дэмакратыі, роўнасці, справядлівасці, вяршэнства права. Яго з’яўленне паставіла наш народ на п’едэстал пачынальнікаў канстытуцыйнага заканадаўства ў Еўропе і свеце.

Статут быў пераняты многімі народамі і стаў асновай прававой сістэмы розных краін, выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі прускага права ў канцы XVI ст., складанні Саборнага ўлажэння 1649 г. у Расеі, быў пісьмовым зводам дзеючага права і ўжываўся ў судах на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Польшчы, Расеі, Украіны, Эстоніі. У XVIІ–ХІХ стст. ён быў перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы.

На выстаўцы ўпершыню шырокай публіцы будзе прадстаўлены амаль нікому не вядомы спіс Статута ВКЛ 1588 г. у перакладзе на нямецкую мову пачатку ХVIІІ ст. са збору адной са старэйшых бібліятэк Еўропы – Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Рарытэт з’яўляецца сведчаннем афіцыйнага выкарыстання беларуска-літоўскай протаканстытуцыі на землях Латвіі і сведчыць пра старажытныя культурныя, эканамічныя і палітычныя сувязі нашых народаў. Таксама на выстаўцы можна будзе пабачыць друкаваныя асобнікі Статута XVIІ–XIX стст. з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на іншых еўрапейскіх мовах, якія сведчаць пра шырокі ўплыў беларускай прававой культуры на фарміраванне міжнароднага канстытуцыйнага заканадаўства.

Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 16 сакавіка 2020 г. а 16-й гадзіне ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Уваход на мерапрыемства – вольны.

Паводле прэс-рэлізу