Усё жыццё – у адным ровары
Выстава „Усё жыццё ў адным ровары” адчынілася ў Гарадзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі. У дзьвюх залах прадстаўлена калекцыя Маўрыцыё Урбінаці, якая дэманструе, як ровар быў карміцелем італьянцаў у ХХ стагоддзі.
Тут можна ўбачыць ровар тагачаснага сьвятара, каваля, прадаўца цукерак, блазна, цырульніка, ровар-перасоўны кінатэатар ды іншыя. Кажа дырэктар музея гісторыі рэлігіі Рыта Янчалоўская:
– Прадмет, якому больш за 100-150 гадоў, – гэта ўжо ўнікальны музейны прадмет. І гэта калекцыя – прадметы мастацтва. На выставе прадстаўлена 30 ровараў, але гэта не проста ровары, гэта майстэрні на колах. І чалавек, які збіраў гэтую калекцыю, быў натхнёны і апантаны імі.
Найстарэйшы ровар у выставе мае ўзрост большы за сто дваццаць год: гэта ровар італьянскага берсальера (снайпера). Выстава пабывала ў некаторых еўрапейскіх краінах, выстаўлялася ў Гомелі, Менску, Віцебску. Гародняй выстава закончыць бег па Беларусі. Наведаць яе можна будзе да 18-га студзеня 2017 году.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара