Усё жыццё жалезнай хваткай трымала сціпласць
У класічным тлумачэнні гэтая рыса характару пазначана як станоўчая. Няўжо хтосьці скажа, што кепска трымаць сябе ў рамках, быць умераным, стрыманым, спакойным? Канечне, не, але калі ўсё набірае маштаб, пачынае перашкаджаць, не дае да канца праявіць сябе, то ўжо нічога добрага.
Не наважуся сцвярджаць, што асоба пра якую зараз пойдзе гутарка пакутавала ад уласнай сціпласці, але крыху б умення прабівацца, заяўляць пра сябе, і лёс склаўся б зусім інакш. Можа, як марыў, як хацелася, якім бачыў ад юнацтва творчы шлях. Чалавек здольны нешта мяняць у жыцці, можа пераадолець розныя бар’еры для дасягнення поспеху, рэалізацыі задумаў. Напэўна, не кожнаму дадзена перарабіцца. “Локцяў”, каб больш праціснуцца, ён так і не займеў.
Тры гады таму ў Пінску памёр паэт, літаратуразнаўца Анатоль Шушко. Сапраўдны гонар Піншчыны – ягоныя творы не правінцыйная аматаршчына. Няхай і не дасягнулі нацыянальнага ўзроўню, але са зноскай – пакуль.
“Амбіцыі былі, мары былі, але замінала сарамлівасць. Успамінаю таго Толю Шушко, 17-гадовага палескага хлопца, аж сорамна неяк… Хацелася, як зямлячка Яўгенія Янішчыц або Алесь Разанаў, выпусціць першую кнігу вершаў у студэнцкія гады, але лёс распарадзіўся інакш. У гэтым сэнсе дэбют адбыўся ў 1994 годзе, калі святло ўбачыў мой першы зборнік паэзіі “Выток і прычасце”, – крыху з расчараваннем сказаў паэт у інтэрв’ю нашаму радыё з нагоды 60-годдзя.
У 1971 годзе Анатоль Шушко з роднай палескай вёсачкі Сташаны выправіўся ў “вялікі свет” у Менск, паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Неўзабаве з падборкай вершаў зайшоў у рэдакцыю часопіса “Маладосць”, знайшоў кабінет адказнага за аддзел паэзіі Мікалая Аўрамчыка ды не хапіла моцы адразу ж зайсці. Дзве гадзіны, то стаяў, то перамінаўся з нагі на нагу, усё з-за сціпласці. Урэшце адкрыў дзверы, частка вершаў спадабалася і іх прынялі да друку. Нешта аналагічнае было і ў рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”. Там на палескага юначка звярнуў увагу літаратурны супрацоўнік выдання Варлен Бечык. Дзякуючы яму, творы Шушко з’віліся на старонках “ЛіМа”. Анатоль Іванавіч заўсёды казаў, што менавіта Бечык вывеў яго ў вялікі літаратурны свет, за што быў яму бязмежна ўдзячны і абавязаны.
І вось так праз усё жыццё, сарамлівасць, сціпласць, а гады міналі. Пісаць не пакідаў, а камусьці паказаць, адвесці ў сталічныя рэдакцыі – цэлая ўнутраная праблема. Пры гэтым з задавальненнем дапамагаў пачынаючым у паэзіі ды і не толькі дэбютантам: карэктаваў, даваў прафесійны водгук, рэцэнзію, а калі трэба, то і лабіраваў выданне. Сам жа заставаўся недзе з боку, моўчкі ствараў свае перлінкі. Час ад часу яны з’яўляліся ў друку, і гэта было з’явай. Так ягоны верш “Сто шан для Сташан” літкрытыкі назвалі адным з найлепшых беларускіх твораў, прысвечаных малой радзіме.
Сведкам празмернай сціпласці Шушко давялося не аднойчы быць аўтару гэтых радкоў. У лістападзе 2012 года Беларусь адзначала 130-годдзе Якуба Коласа. Да гадавіны класіка ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна правялі капітальны рамонт літаратурна-краязнаўчага музея імя Коласа. Адкрыццё запланавалі акурат да юбілею. З вялікімі цяжкасцямі, але дамогся, каб на ўрачыстасці запрасілі прадстаўнікоў культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Нават уключылі ў спіс выступоўцаў. З Менска ў Пінкавічы завітала адная з каардынатарак кампаніі Ніна Шыдлоўская і паэт, бард Эдуард Акулін.
Назіраў, з якім цяплом гутарылі даўнія знаёмыя Шушко і Акулін, не бачыліся шмат гадоў. Менскі госць распавядаў пра творчыя поспехі, задумы, а Анатоль Іванавіч, не, ні кроплі зайздрасці, наадварод радасць за дасягненні таварыша. Калі ж дайшло да жыцця нашага героя, то літаральна некалькі слоў, неяк згубіўся, маўляў усё добра.
У снежні 2013 года, рыхтуючы радыйны матэрыял да юбілею даследчыцы Любові Тарасюк, прапанаваў паэту запісаць з ім гутарку-ўспамін. Яны пазнаёміліся ў БДУ, пасябравалі, Тарасюк таксама паходзіла з Піншчыны (гл.: Гілевіч і Быкаў выхавалі “палескую разумніцу”). Шушко адклікнуўся з задавальненнем, дамовіліся, што ён завітае да мяне ў госці. Чакаў-чакаў, ужо вечар прыйшоў. Выглянуў у акно, а ён стаіць, то паходзіць вакол бярозкі, нешта прамаўляе. Як аказалася, ужо некалькі гадзінаў (!!!) так рабіў – засароміўся, што сказаць, наколькі вартае яго слова ў перадачы…
З аднаго боку сціпласць, нават такая празмерная, упрыгожвала, але моцна перашкаджала творчаму раскрыццю. Дакладна, ужо па смерці, сказаў літаратуразнаўца Валеры Грышкавец: “Шушко адзін з недаацэненых беларускіх літаратараў”. Так, але пры жыцці недаацэнены, творы не паміраюць разам з паэтам ды і творца сыходзіць з гэтага свету толькі фізічна. Ягоныя думкі, бачанне, пачуцці застаюцца ў напісаных словах. З новымі пакаленнямі будзе пераасэнсаванне, загучыць імя па-іншаму, бо спадчына вялікая.
Сціпласць-спіласцю, а вось аптымістам ён быў канкрэтным. Ведаючы пра цяжкае захворванне, змагаючыся з ім штодня, да апошняга не адмаўляўся ад удзелу ў культурніцкіх мерапрыемствах. Агеньчык у вачах не згасаў і нават у апошнія хвіліны патэлефанаваў сябру, каб распавесці, як працуе над новым зборнікам…
Анатоль Іванавіч Шушко (19 ліпеня 1954 года, в.Сташаны, Пінскі раён – 8 лістапада 2018 года, Пінск) – паэт, літаратуразнаўца, настаўнік. Са школьных гадоў друкаваўся ў часопісе “Бярозка” і газетах “Чырвоная змена”, “Піянер Беларусі”. Пачаткам сапраўднага паэтычнага жыцця лічыў падборку вершаў у штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” за 1971 год. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Пасля настаўнічаў у Ласіцкай сярэдняй школе Пінскага раёна, Поразаўскай спецшколе-інтэрнат Свіслацкага раёна. Давялося папрацаваць будаўніком на Меншчыне і Гомельшчыне. Працоўны шлях завяршыў выхавальнікам Пінскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот.
Пры жыцці выдаў два ўласных зборніка паэзіі: “Выток і прычасце” (1994) ды “Шаны” (2012), за яго атрымаў Дыплом II ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2012 года ў галіне паэзіі”. Рэгулярна друкаваліся ў часопісах “Полымя”, “Беларусь”, “Маладосць”, “Нёман”, “Беларуская думка”, калектыўных паэтычных зборніках “На ладонях Припяти и Пины”, “Маладыя галасы”, “Галасы вёснаў”, альманахах “Дзень паэзіі”.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя