Увядзенне ў храм Багародзіцы



У Бельску Падляшскім адзначылі Увядзенне ў храм Прасвятай Багародзіцы. 4-га снежня гэтае свята адзначае Праваслаўная Царква. Падрабязней пра гэтае свята расказаў нашаму радыё настаяцель прыходу Уваскрэсення Хрыста ў Бельску Падляшскім, айцец Андрэй Мінько:

– Гэта свята, калі мы згадваем пра увядзенне дзевы Марыі ў Ерусалімскі храм, дзе архірэй Захар’я ўвёў Марыю ў самае святое месца храма. І з гэтага моманту найсвяцейшая дзева Багародзіца – яна ўжо будзе з Богам. Гэта доказ таго, што мы, калі прыходзім у царкву, асвячаемся і набліжаемся да Госпада Бога.

Увядзення ў храм Прасвятай Багародзіцы з’яўляецца адным з 12-ці вялікіх святаў, якія адзначаюцца ў Праваслаўнай Царкве.

[Not a valid template]

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

4 снежня Праваслаўная Царква адзначае адно з 12-ці вялікіх святаў – Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы. Яно прысвечанае падзеі, якая вядомая не са Святога Пісання, а з традыцыі. Паводле пераказу, калі Марыі споўнілася 3 гады, яе бацькі — Яакім і Анна, згодна з абяцаннем, дадзеным Богу, вырашылі пасвяціць дачушку Богу. У атачэнні сям’і, аднагодкаў і сваякоў Марыя ўрачыста была ўведзена ў іерусалімскі храм. Там здзівіла прысутных тым, што сама паднялася па пятнаццаці высокіх ступенях. Архісвятар Захарыя, натхнёны Духам Святым, увёў яе ў алтар – “святое святых”, куды сам мог заходзіць толькі адзін раз у год у вялікае свята Ачышчэння. Бацькі з радасцю і ў прадчуванні незвычайнай ролі, якую адыграе Марыя, вярнуліся дадому. Гэта было і развітанне Марыі з бацькамі, паколькі яшчэ да часу сваёй паўнагадовасці яна стала сіратою.

Марыя засталася пры храме, дзе ў малітве і працы ўмацоўвалася ў веры і розуме. Яна з замілаваннем чытала Святое Пісанне, шыла святарскія рызы і апекавалася беднымі ды калекамі. Вырашыла таксама застацца дзевай і, згодна парадзе архісвятара, пасля таго, як пакінула храм, была заручаная Язэпу, але засталася дзевай, прабываючы ў чысціні і развіваючы шматлікія цноты. Яе духоўнае ўдасканаленне было неабходнай падрыхтоўкай да ролі, якую прадбачыў ёй Бог: стаць маці ўцялесненага сына Божага Ісуса Хрыста.

Увядзенне ў храм, званае таксама Ахвяраваннем Прасвятой Багародзіцы, звяртае нашу ўвагу на значэнне храма ў духоўным росце кожнага чалавека і выхаванні дзяцей. Прабываючы ў непаўторнай атмасферы храма, Марыя падрыхтавалася да вялікай ролі стаць Божай Маці.

Свята Увядзення у храм, альбо Ахвяравання Прасвятой Багародзіцы, было ўстаноўлена, праўдападобна, у IV стагоддзі, паколькі з таго часу захаваліся адмысловыя казані св. Рыгора Ніскага. Згодна традыцыі, імператрыца Алена пабудавала таксама храм у гонар Ахвяравання, дык, верагодна, свята адзначалася ўжо ў ейныя часы. У трапары свята гаворыцца, што „Дзева бачна ў храме з’яўляецца і прадказвае прыход Хрыста”. У час святочнай багаслужбы ў каноне гучыць спеў „Хрыстос родзіцца — слаўце”, што азначае хуткі надыход свята Раства Хрыстовага. У час святочнай багаслужбы ўпершыню гучыць спеў „Хрыстос нараджаецца – слаўце”, што азначае хуткі надыход свята Раства Хрыстовага.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя

Фота obozrevatel.com