“Уяўляемыя людзі” зрабілі кліп да гадавіны Чарнобыльскай аварыі



Гарадзенскі гурт “Уяўляемыя людзі” да 34-годдзя Чарнобыльскай катастрофы зрабіў і прэзентаваў на Ютубе кліп песні “Мы ніколі не памром”.

Пра тое, як і дзе здымаўся кліп, распавядае лідар і вакаліст гурта Юры Дубовік:

– Мы адмыслова выклалі яго ў сеціва да гэтай даты. Бо трагедыя, якая адбылася, падобная да сённяшняй. Людзі сёння напалоханыя, бо небяспека яна ў паветры, яна нябачная. І гэта палохае. Я памятаю ў дзяцінстве, калі была Чарнобыльская аварыя, ніхто нічога не ведаў пра гэтую радыяцыю, і ўсе баяліся. Зараз часы падобныя. Трагедыя Чарнобыля і маю сям’ю закранула. Тут усё асабістае выплюхнулася.

Юры Дубовік лічыць, што падчас падрыхтоўкі да выхада ў свет кліпа, вялікую дапамогу зрабілі гарадзенскія медыкі:

– Здымаліся медыкі абласной лякарні, якія нам дапамаглі ўсім падчас здымак кліпа. Бо кліп здымаўся і на тэрыторыі бальніцы, і лекары ігралі, і іграў пацук. Пацук пасля таго, што з ім адбывалася ў кліпе, запэўню, застаўся жывы і здаровы.

Юры Дубовік лічыць, што кліп дапаможа не забыць тыя наступствы, якія прынесла ў Беларусь Чарнобыльская аварыя 1986 года.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня