У Менску ўручаць прэмію Наталлі Арсенневай
10 верасня ў кафэ „Грай” адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі 2019 года. У кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду ўвайшла і Надзея Артымовіч з кнігай „Краявід з невідочнай памылкай” ад выдавецтва „Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»”, Беласток. Кніга выдадзеная пры падтрымцы “Беларускага Радыё Рацыя”.
У доўгім спісе прэміі было прынята на разгляд 27 кніжных прапаноў. У кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду ўвайшлі 3 кнігі:
Уладзімер Арлоў «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань». Выдавецтва «Кнігазбор», Менск.
Надзея Артымовіч «Краявід з невідочнай памылкай». Выдавецтва «Праграмная рада тыднёвіка «Ніва»», Беласток.
Марыя Мартысевіч «Сарматыя». Выдавецтва «Янушкевіч», Менск.
Прыз прэміі сёлета складае 4000 беларускіх рублёў.
У склад журы прэміі сёлета ўвайшлі паэт і загадчык літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, паэтка, перакладчыца і літаратуразнаўца Марыяна Кіяноўская, літаратуразнаўца і доктар філалагічных навук Анжэла Мельнікава, паэтка і бард Лера Сом, паэт і арганізатар літаратурных мерапрыемстваў Дзмітрый Строцаў.
Арганізатары прэміі – Беларускі ПЭН-цэнтр, ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Узнагарода ўручаецца пры падтрымцы Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі.
Цырымонія ўручэння прэміі імя Наталлі Арсенневай, на якой будзе названы пераможца прэміі, адбудзецца 10 верасня а 19.00 у кафэ «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33). Уваход вольны!
Беларускае Радыё Рацыя