Горад Берасце існаваў ужо ў канцы Х стагоддзя



Навукоўцы дагэтуль дыскутуюць наконт першай узгадкі старажытнага Берасця. “У дарэвалюцыйны, у савецкі часы і дагэтуль працягваюцца спрэчкі. 1015 год, 1017 год, 1019 год. За аснову, на дзяржаўным узроўні, быў узяты 1019 год. У 1969 годзе 950 гадоў было адзначана, і па той традыцыі дадалі яшчэ 50 гадоў”, – кажа доктар гістарычных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Вабішчэвіч:

– Але гораду адназначна больш 1000 гадоў, гэта пацверджана археалагічнымі даследаваннямі Пятра Фёдаравіча Лысенкі, якія дакладна пацвярджаюць, што ўжо ў канцы 10-га стагоддзя горад Бярэсце існаваў. І Бярэсце, такім чынам, па старажытнасці трэці горад пасля Полацка і Турава. Гэтая пазіцыя абгрунтаваная на выніках археалагічных даследаванняў Лысенкі.

РР: То бок, Віцебск і Ваўкавыск маладзейшыя? Калі на навуку абапірацца, дык дакладна вядомая дата першай узгадкі.

– Гэта тэма дыскусійная. І пакуль канца гэтай дыскусіі няма. Таму не хацелася б у падобныя дускусіі ўлазіць.

“Але помнік 1000-годдзю быў пастаўлены задоўга да афіцыйнага году існавання”, – адзначыў навуковец. На 15-ці метровым помніку 1000-годдзя Берасця, які быў узведзены ў 2009 годзе, між іншым размешчаны скульптуры: князя Уладзіміра Васількавіча, вялікага княза Вітаўта Кейстутавіча, канцлера Мікалая Радзівіла. Узгаданы такія перыяды гісторыі як: бітва пад Грунвальдам, выданне Берасцейскай бібліі і іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце