Узнагарода маршалка Падляшскага ваяводства для беларускага пісьменніка



Узнагарода маршалка Падляшскага вояводства для беларускага пісьменніка. За дасягненні ў галіне мастацкай творчасці ды пашырэння і аховы культуры узнагароджаны вядомы беларускі творца Уладзімір Арлоў.

У паведамленні Падляшскага ваяводства пра сёлетніх лаўрэатаў адносна Уладзіміра Арлова адзначаецца, што ўзнагарода нададзена «за ўсе дасягненні ў галіне прозы і паэзіі. Адзін з самых вядомых і папулярных сучасных беларускіх пісьменнікаў. Гісторык, аўтар некалькіх дзясяткаў кніг мастацкай і дакументальнай прозы, вершаў і эсэістыкі».

Рашэнне аб прызнанні сёлетніх узнагародаў было прынятае на паседжанні праўлення Падляшскага ваяводства 15 лістапада.

Уладзімір Арлоў – аўтар шматлікіх кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў і эсэ. Вядомасць прынесла проза, творы гістарычнай тэматыкі, затым пісьменнік звярнуў на сябе ўвагу як арыгінальны эсэіст і паэт.

Лаўрэат літаратурных прэміяў: балгарскай «Алеко», міжнароднай прэміі «Еўрапейскі паэт свабоды» (Гданьск, Польшча), імя Алеся Адамовіча, імя Францішка Багушэвіча, імя Ежы Гедройца і многіх іншых.

Сярод лаўрэатаў сёлетніх узнагарод маршалка Падляшскага ваяводства таксама: кіраўніца мужчынскага хору «Куранты» з Бельска-Падляшскага Аліна Негерэвіч, моладзёвы хор катэдральнага прыходу св. Мікалая Цудатворцы ў Беластоку і іншыя.

– Гэтыя ўзнагароды – выраз прызнання падляшскай мясцовай улады, наш спосаб ушанавання і падзякі тым творцам, якія спрыяюць развіццю і ахове культуры нашага краю, – сказаў маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі.

Беларускае Радыё Рацыя