Узнагароды для пераможцаў фотаконкурсу імя Луізы Арнер Бойд
Берасце і Пінск – жыхары гэтых гарадоў перамаглі ў палескім фотаконкурсе імя Луізы Арнер Бойд. Уганараванне пераможцаў адбылося ў Пінску, вечарыну зладзілі ініцыятары фотаконкурса – інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Інстытуцыйнага развіцця”.
Пераможца Ганна Гадунова паведаміла, што такія мерапрыемствы вельмі важныя, каб прыцягваць моладзь да захавання і папулярызацыі Палесся:
– Мне вельмі радасна, што з’явілася такая ініцыятыва. Яна вельмі патрэбная, своечасовая і з’яўляецца лагічным працягам таго, што пачалося год таму – гэта выпуск альбому і кінастужак. І, канешне, калі я пачула пра конкурс, мне захацелася падзяліцца сваімі фатаздымкамі, бо я вельмі люблю Палессе, бываю тут часта. І мне будзе радасна, калі іншыя людзі ўбачаць тое, што бачылі мае вочы цягам гэтага года.
Усяго ў фотаконкурсе імя Луізы Арнер Бойд удзел прыняў 41 чалавек з Берасцейшчыны і Гомельшчыны. На наступны год запланаваная экспедыцыя палескімі шляхамі амерыканскай даследчыцы Луізы Арнер Бойд і фотапленэр.
На фота: краязнаўца Эдвард Злобін распавядае пра палескую экспедыцыю Луізы Арнер Бойд.
На фота: каардынатар фотаконкурса Ігар Салавей.
На фота: пераможцы: Настасся Магілянчык (Берасце), Ганна Гадунова (Берасце) і Міхаіл Пратасавіцкі (Пінск).
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара