Ва Украіне выйшлі дзве кнігі Уладзіміра Арлова
Адразу дзве кнігі Уладзіміра Арлова выйшлі ва Украіне. Выданні прадставілі дзве асноўныя іпастасі пісьменніка – у Львове выйшла кніга прозы, а ў Кіеве – зборнік паэзіі. Кажа Уладзімір Арлоў:
– У львоўскім выдавецтве, знакамітым, я б сказаў, выдавецтве „Старога Лева”, выйшла кніга маёй прозы пад назвай „Краявід з ментолавым пахам”. А ў кіеўскім выдавецтве „Люта справа” выйшла кніга паэзіі – „Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся”.
Абедзве кнігі пераклаў вядомы ўкраінскі пісьменнік Аляксандр Ірванец. Уладзімір Арлоў задаволены якасцю перакладаў:
– Я дастаткова ўпэўнена валодаю ўкраінскай мовай і хачу сказаць, што гэта бліскучыя пераклады. Гэта думка таксама маіх украінскіх калегаў. На жаль, сітуацыя пандэміі і іншыя акалічнасці не дазволілі мне паўдзельнічаць у прэзентацыях гэтых кніг.
Летась выйшла ў Уладзіміра Арлова кніга і ў Польшчы. У Любліне пабачыў свет зборнік балад «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань».

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
