Ва Украіне знайшлі надмагільную пліту Яна Баршчэўскага



У Чуднаве, што ў Жытомірскай вобласці, знайшлі надмагільную пліту класіка беларускай і польскай літаратуры ХІХ ст. Яна Баршчэўскага, паведамляе сайт chudnivnews.in.ua. 

Знайшлася пліта на прыватным падворку аднаго з гараджан. Мужчына распавёў, што яшчэ ў 2002 ці 2003 годзе капаў траншэю для газавай трубы і натыкнуўся на чыгунную пліту. Яна ляжала ў зямлі на глыбіні 50 сантыметраў. Важыла каля 300-35 кг.

10 гадоў пліта проста стаяла пад хлявом, а потым гаспадар цэментаваў двор і частку тэрыторыі вырашыў прыкрыць плітой. З часам іржа з пліты сцёрлася, і стаў бачны надпіс. Гаспадары лічылі, што ён зроблены па-нямецку. Аднак іх дачка чацвертакласніца Алена вырашыла пашукаць у інтэрнэце, каму належыць пахаванне. 

Хутчэй за ўсё, гэта пліта менавіта з магілы беларуска-польскага пісьменніка Яна Баршчэўскага: свае апошнія гады ён правёў у Чуднаве, дзе ў 1851 годзе памёр. На пліце змешчаны такі надпіс: „Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей, пісьменнік натхненняў і пачуцця. Жыў цнатліва 70 год. Памёр 28 лютага 1851 года”.