Глеб Лабадзенка: Важна – што гэта народныя помнікі



Ва Ушачах, мястэчку на Віцебшчыне, увекавечылі памяць у бронзе народнаму пісьменніку Васілю Быкаву і народнаму паэту Рыгору Барадуліну

Аўтары – скульптары Ігар Засімовіч і Аляксей Сарокін, архітэктар Віктар Карака.  “У гэтых бюстах заключана сіла беларускага народа”, – заўважае адзін з ініцыятараў іх усталявання, журналіст Глеб Лабадзенка:

– Вельмі важна, што гэта выключна народныя помнікі. І тое, што людзі збіралі грошы, хто пяць рублёў, хто сто рублёў. Сотні людзей сабралі гэтыя грошы. Потым знайшліся людзі, якія вырабілі пастамент за сімвалічныя грошы, чалавек, які завёз бясплатна гэта ўсё на вялікім пагрузчыку ва Ушачы. Каму мог падзякаваў у посце ў фэйсбуку, не ўсе хочуць афішаваць сваю дабрыню ў наш час. Сіла беларускай салідарнасці. Сіла беларускай еднасці.

Два гады, спатрэбілася Глебу Лабадзенку для вырашэння бюракратычных пытанняў, і нямала нерваў. Але ў выніку з’явілася новае месца памяці для беларусаў. 

Беларускае Радыё Рацыя