Вакацыі: містычна-гістарычны лагер па творах беларускіх пісьменнікаў
Школьнікаў 10-15 гадоў на восеньскіх вакацыях прыме містычна-гістарычны лагер „Дзікае паляванне” па матывах твораў беларускіх пісьменнікаў.
Канцэпцыя і ідэя лагера цалкам вытрыманая ў стылістыцы твораў Уладзіміра Караткевіча і Яна Баршчэўскага. Месца размяшчэння – на базе лагера „Легенда” у аўтэнтычным і маляўнічым кутку ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Гэта сядзіба „Запаведны востраў”, якая стагоддзі таму была стаянкай крывічоў, знаходзіцца на востраве паміж азёрамі Івесь і Азярцо.
На працягу шасці дзён з 29 кастрычніка па 4 лістапада дзеці пройдуць квэст па месцах міфічнай Беларусі, загадкі якога заснаваныя на рэальных гістарычных фактах, легендах і эпізодах з твораў Караткевіча і Баршчэўскага. Арганізатары падрыхтавалі сапраўдную, з духам містыкі і загадкавасці, рэканструкцыю знакамітых твораў „Дзікае паляванне караля Стаха” і „Шляхціц Завальня”. Удзельнікаў чакае чатырохразовае харчаванне беларускімі народнымі стравамі.
Адукацыйны складнік – адзін з ключавых у праграме. Інтэрактыў, гульні, прыгоды і арыгінальныя задачы – такое вывучэнне беларускіх традыцый, гісторыі і культуры будзе яркім і карысным для развіцця дзіцяці.
Падлеткі не толькі далучацца да беларускіх звычаяў, паўдзельнічаюць у прыгодніцкіх іспытах па Беларусі Караткевіча і Баршчэўскага, але і зробяць падарожжа ў горад-летапіс, радзіму Еўфрасінні Полацкай, Усяслава Чарадзея, Францыска Скарыны – Полацк.
Але гэта будзе незвычайная экскурсія, тут арганізатары таксама рыхтуюць сюрпрызы, якія дапамогуць удзельнікам наблізіцца да разгадкі галоўнай таямніцы лагера.