„Vale! Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл!”



7 ліпеня а 15-й гадзіне на свяце ў гонар мецэнаткі ў былым маёнтку Жорнаўка (в. Жорнаўка, Асіповіцкі раён, 11 км ад шашы Менск-Бабруйск, паварот на Градзянку) адбудзецца прэзентацыя кнігі „Vale! Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл!”. Мерапрыемства ладзіць Асіповіцкі гісторыка-краязнаўчы музей: тэл. +375 2235 77293.

Наклад кнігі вельмі малы, яе кошт складае 30 рублёў. Выдынне надрукавана ў фармаце 170х260 мм і ўтрымлівае 40 каляровых ілюстрацый на 280 старонках тэксту. Кніга падае каля 300 спасылак на дакументы і фотаздымкі.

Прыватны выдавец Віктар Хурсік наступным чынам анансаваў выхад сваёй новай кнігі:

– З палякамі ў Магдалены Радзівіл не склалася. Яе пазіцыя цвёрдай і паслядоўнай беларусізацыі ўспрымалася шляхтай адмоўна. Беларускамоўныя школкі, беларускамоўны касцёл, беларускамоўная прэса – гэта было за межамі рэчаіснасці, якая год за годам усё больш паказвала на выхад палякаў са складу Расеі. Польскамоўным беларускім сялянам-аднадворцам мроіўся рай у складзе вольнай Польшчы. У гэтых умовах прызнанне княгіні ў сваёй беларускасці і жаданне „абеларусіць” іншых гучала выклікам. Газеты бэсцілі Магдалену, у 1919 годзе палякі адкрыта папярэдзілі аб магчымых небяспечных для яе наступствах. Неўзабаве княгіня была моцна збіта і, асцерагаючыся за сваё жыццё, выехала з Варшавы ў Кёнігсберг. За 26 апошніх гадоў яна больш ніколі не вярталася ў Польшчу…

Беларускае Радыё Рацыя