Валянцін Дубатоўка: 2017 – год падвойных пачуццяў



Старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка падводзіць вынікі 2017 года і лічыць,  што гэты год – год падвойных пачуццяў. За гэты год некалькі вядомых літаратараў Гарадзеншчыны адышлі ў “нябесную” Беларусь.

Кажа Валянцін Дубатоўка:

Год быў значны для нашага саюзу. Ён як з добрымі падзеямі, так і дрэннымі. Калі казаць пра людзей, якія адышлі ад нас, то гэта, безумоўна, Ігар Жук – прафесар, сябра нашага саюзу, чалавек, які шмат зрабіў, шмат паклаў дзеля таго, каб нашае аддзяленне працавала належны чынам, многа рэдагаваў наш альманах, працаваў з матэрыяламі, з маладымі пісьменнікамі. Таму гэтая навіна для нас не вельмі добрая. Ад нас пайшоў Алесь Белакоз – гэта чалавек, які грунтаваў вакол сябе не толькі літаратараў, але і ўсіх нацыянальных патрыётаў як Панямоння, так і ўсёй Беларусі.

Станоўчымі падзеямі для гарадзенскага аддзялення Валянцін Дубатоўка лічыць павелічэнне колькасці сяброў арганізацыі, а таксама з’яўленне пляцоўкі,  дзе вельмі часта адбываюцца сустрэчы з літаратарамі Гарадзеншчыны – Цэнтра гарадскога жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня