Валянцін Дубатоўка: Пісьменнік – гэта нерв грамадства



Беларуская творчая інтэлігенцыя мае вельмі абмежаваныя кантакты з маладым пакаленнем. І віна тут зусім не інтэлігенцыі. Сістэма адукацыі сярэдняй і вышэйшай школаў ня хоча, каб з моладдзю сустракаліся беларускія інтэлектуалы, пісьменнікі і паэты.

Кажа Валянцін Дубатоўка – старшыня гарадзенскай абласной арганізацыяі Саюзу беларускіх пісьменнікаў:

– Гэта неабходныя рэчы, але баяцца людзі, каб мы нешта не выдалі. Яны ўжо на гэтых выбарах паказалі ўсе свае таямніцы. Чаго ўжо баяцца? Але ўсё роўна працягваецца такі самы прэс, які быў, на нашу арганізацыю, на астатнія літаратурныя арганізацыі. Пісьменнік – гэта нерв грамадства. І ён павінен паказваць, што зараз адбываецца. А калі паэт, пісьменнік гэтага не выказвае, то які ён літаратар?

Апошнія грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі выявілі, што нацыянальныя каштоўнасці, а таксама каштоўнасць беларускай нацыянальнай дзяржавы – дарагія для грамадзянаў Беларусі. Беларускія пісьменнікі спадзяюцца, што зацікаўленасць да мовы і іх грамадзянская пазыцыя  паспрыяюць росту колькасьці іх чытацкай аўдыторыі.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня