Валянцін Дубатоўка: Расце папулярнасць беларускай літаратуры, слова, мовы
У драматычныя часы святары і пісьменнікі заўсёды побач з народам – кажа наш чарговы Госць Рацыі. 2020 год вызначыў у пісьменніцкім асяроддзі пераможцу прэміі імя Анатоля Іверса – ім стаў шчучынскі паэт Рычард Бялячыц. Пра гэта ды іншае з жыцця Саюза беларускіх пісьменнікаў, гутарыць наш карэспандэнт Якуб Сушынскі з Госцем Рацыі Валянцінам Дубатоўкам.
РР: Снежань – час падвядзення вынікаў для пісьменніцкай супольнасці, для вас асабіста. Жыццё сёлета прайшло пад шматлікімі драматычнымі знакамі. Я ўпэўнены, што вы як пісьменнік шмат чаго ўзялі і для свайго асабістага досведу, і для будучых твораў. Пра што давялося вам прайсці і што з’яўляецца па вашаму, пісьменніцкаму, погляду найбольш трывожным у гэтыя апошнія дні года?
Валянцін Дубатоўка: Год быў, сапраўды, вельмі цяжкі. Для нашага аддзялення цяжкім быў, што адышлі ў нябесную Беларусь вялікія нашы творцы – гэта Юрый Голуб, знакаміты беларускі паэт і прафесар Павел Сцяцко, гэта вучоны з сусветным імем.
Справа ў тым, што пандэмія, якая зараз пануе на зямлі, забрала вельмі шмат выбітных людзей і пісьменнікаў. Таму ўсё наша жыццё ў гэты высакосны год было вельмі складаным. Цяжка было і працаваць, і рабіць розныя прэзентацыі або выязджаць кудысьці на сустрэчу з чытачамі. Але мы ўсё ж такі стараліся. Жыццё ж працягваецца, таму мы зноў зладзілі выпуск свайго штогадовага альманаха “Новы замак”. Рэдактар Янка Трацяк працаваў над ім таксама доўга, але падрыхтавалі і вось аддалі ў друк. Таму вельмі цяжкія ўражанні. Толькі адное радуе, што ўсё ж такі беларуская нацыя абудзілася, гэта для нас як для пісьменнікаў вельмі важна. І разумееце, Збавіцель так збудаваў наш свет, што не бывае толькі дрэнныя рэчы, бывае і штосьці такое добрае, што застанецца назаўсёды. Я вельмі ўсцешаны, што якраз наша нацыя паднялася.
РР: Калі на гэта паглядзець метафізічна, то вось тыя людзі, якія зараз узняліся да іншага свету, напэўна, таксама спрыяюць і беларускай тоеснасці, і літаратуры, і знакам Беларусі, узнаўленню статусу беларускай мовы, яе сімволікі. Асабліва, напэўна, актуальная тэма шальмавання беларускіх нацыянальных сімвалаў?
Валянцін Дубатоўка: Безумоўна, цяжка з гэтым не пагадзіцца. Я ўвесь час думаў пра гэтыя рэчы. Усё ж такі не магло прайсці незаўважна, калі столькі людзей ахоплены ўзнёслым пачуццем абуджэння. І ўсё ж такі гэты выбух павінен быў адбыцца. Для нас, людзей, якія займаюцца літаратурай, гэта вельмі важна, таму што расце папулярнасць беларускай літаратуры, беларускага слова, беларускай мовы. Між іншым у людзей, якія раней несур’ёзна ставіліся да ўсяго беларускага, гэтая сітуацыя абудзіла іх глыбінныя пачуцці, любоў да ўсяго беларускага.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя