Валянцін Дубатоўка: Жывем з верай у лепшае



Асвета беларусаў – асноўная задача, якую вызначылі для сябе сябры гарадзенскай абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменнікаў на сваім сходзе. Апошнім часам творчыя сустрэчы літаратараў з чытачамі сталі рэдкасцю, мала з’яўляецца інфармацыі пра новыя творы. Гэтыя недахопы і хочуць выправіць чальцы Саюзу. Кажа старшыня гарадзенскай абласной філіі – Валянцін Дубатоўка:

– Галоўнае – ёсць пішучыя людзі на Гарадзеншчыне. Творы друкуюцца. Пакуль жывём надзеяй, што ўсё зменіцца да лепшага. Спадязёмся, што наш часопіс “Новы замак” стане на ногі, ён выдаецца толькі некалькі гадоў. Улады не ідуць нам насустрач, і ёсць такая праблема, што мы да людзей не можам прабіцца. Але самае галоўнае, што ёсць зычлівыя людзі, тыя, хто прагне беларускага слова.

У час сходу прадстаўнікі нашага радыё павіншавалі ўдзельнікаў з Новым годам, падараваўшы рэкламную прадукцыю: кубкі і торбы з лагатыпам нашага Беларускага Радыё Рацыя.  На сходзе прайшла дыскусія адносна магчымага  выхаду новага рэгіянальнага часопіса. Паводле літаратараў, на Гарадзеншчыне  – шмат чытачоў, да якіх варта дайсці з беларускай літаратурай.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота naszaslowa.by