Валянцін Таўлай і Кіра Брант “вярнуліся” да лідчан
У літаратурным аддзеле Лідскага гісторыка-мастацкага музея адбылася творчая вечарына, прысвечаная 105 гадавіне беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча Валянціна Таўлая.
Вечарына пачалася даволі незвычайна. Супрацоўнікі музея Алесь Хітрун і Ганна Некрашэвіч у ролях Валянціна Таўлая і яго першай жонкі Кіры Брант паказалі эпізод жыцця пісьменніка ў Лідзе з 1939 года па пачатку вайны. Дзе цяпер знаходзіцца музей у Лідзе, да вайны быў дом Кіры Брант, там і жыў з ёю Валянцін Таўлай і працаваў у лідскай раённай газеце “Уперад”. Пасля інсцэніроўкі ўдзельнікі вечарыны распавядалі пра ўшанаванне Валянціна Таўлая на Лідчыне, прачыталі вершы, прысвечаныя пісьменніку.
Краязнавец з Дзятлава Валерый Петрыкевіч прыгадаў пісьменнікаў, якія сябравалі з яго бацькам і былі знаёмыя некалі з Валянцінам Таўлаем. Пісьменнік Сяргей Чыгрын са Слоніма паказаў рэдкія фотаздымкі Валянціна Таўлая і распавёў раней невядомыя факты з біяграфіі заходнебеларускага літаратара. А лідскі старэйшы літаратар Уладзімір Васько прыгадаў свае сустрэчы з сябрамі Валянціна Таўлая – Анатолем Іверсам і Максімам Танкам.
Да юбілею Валянціна Таўлая ў музеі арганізавана выстава, пра якую цікава распавёў Алесь Хітрун. А мясцовы бард Сяргей Чарняк спяваў на вечарыне добрыя песні.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда
Фота аўтара