Валянціну Дубатоўку – 55



Гарадзенскаму пісьменніку, краязнаўцу, мецэнату, кіраўніку Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянціну Дубатоўку 20 ліпеня спаўняецца 55 гадоў з дня нараджэння.

Гарадзенцы шчыра віншуюць свайго земляка з гэтымі дзвюмя пяцёркамі і жадаюць яму здароўя, творчых сіл і новых кніг і знаходак.

Валянцін Дубатоўка нарадзіўся 20 ліпеня 1963 года ў вёсцы Александрыя Зэльвенскага раёна. У 1981 годзе скончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу, у 1982-м — электратэхнічнае вучылішча ў Гародні. У 1982—1984 гадах служыў у Савецкай Арміі, пасля дэмабілізацыі служыў у пажарнай ахове на прадпрыемстве “Азот”.

У 1990-х стаў заснавальнікам і кіраўніком камерцыйных структур. Фундаваў кнігі: факсімільнае выданне Ларысы Геніюш “Ад родных ніў”, Міхася Скоблы “Розгі ў розніцу”, Юркі Голуба “Багра” ды многія іншыя.

У касцёле Дзярэчына намаганнямі Валянціна Дубатоўкі была ўсталяваная мемарыяльная дошка ў гонар удзельніка паўстання 1830 года Яўстаха Каятана Сапегі. У Зэльвенскай праваслаўнай царкве, дзякуючы Валянціну, з’явілася дошка памяці Ларысы Геніюш.

Пісаць Валянцін Дубатоўка пачаў яшчэ ў школьныя гады, друкаваўся ў зэльвенскай раённай газеце “Праца”. Выступаў як аўтар тэкстаў песень для гарадзенскіх музычных калектываў. Проза і вершы публікаваліся ў многіх газетах і часопісах.

Выдаў кнігу даследаванняў і вершаў “Архіпелаг Сапегаў” і кнігі прозы “Чорная Воля” і “Чужы”.

За кнігу “Чужы”сёлета ўганараваны ў Кіеве прэміяй “Воін Святла”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя