Ва Ушачах урачыста адкрылі помнікі Быкаву і Барадуліну



Урачыстае адкрыццё помнікаў выбітным пісьменнікам Беларусі Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну адбылося сёння, 18 чэрвеня, ва Ушачах. На імпрэзе прысутнічала каля 100 ушачан і гасцей горада, у тым ліку кіраўніцтва раёна і вядомы беларускі рэжысёр Мікалай Пінігін.

Кіраўнік Ушацкага раёна Уладзімір Аўдошка падзякаваў ініцыятарам устаноўкі помнікаў, мецэнатам, скульптарам і архітэктару, а пасля зазначыў, што ўшачане ганарацца сваімі землякамі, нягледзячы нават на розныя палітычныя погляды:

–   На душу насельніцтва мы самы паэтычны куток Рэспублікі Беларусь. Мы заўсёды гэтым ганарыліся. І калі ўзяць творчасць Васіля Быкава  – гэта чалавек, які сам прайшоў вайну, напэўна, больш рэалістычных, можа, дзесьці і жорсткіх, але праўдзівых апавяданняў пра вайну не пісаў ніхто. Таму ён вядомы далёка за межамі і Ушацкага раёна, і Беларусі, і ва ўсім свеце. Тое ж самае можна сказаць і пра Рыгора Барадуліна як паэта. Некаторыя яго вершы разабраныя на цытаты, чатырохрадкоўі. Некаторыя з іх, яшчэ пачуўшы ў школе, немагчыма забыць.

Як зазначыў беларускі рэжысёр Мікалай Пінігін, нарэшце адбылася значная падзея ва Ушачах, якая аб’яднала Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна:

– Нарэшце і Рыгор, і Васіль! Даўно пара было гэта зрабіць. І вуліцы трэба і Быкава, і Барадуліна зрабіць. Паглядзіш – гэтыя Калініна і так далей. Але прыйдзе час!

Старшыня Ушацкага райвыканкама паабяцаў, што будзе працягнутая алея славутых землякоў і ва Ушачах. Ён таксама запэўніў, што як бы цяжка не было з бюджэтам, але яны знойдуць сродкі на яе добраўпарадкаванне і ўвекавечаць памяць яшчэ такіх вядомых землякоў як Пятрусь Броўка, Еўдакія Лось і Генадзь Гарбук.

Аўтарамі помнікаў Быкаву і Барадуліну з’яўляюцца скульптары Ігар Засімовіч і Аляксей Сарокін, архітэктар – Віктар Карака.

Пасля ўрачыстага адкрыцця помнікаў усе жадаючыя наведалі сядзібу-музей Васіля Быкава ў Бычках. Там адбылася другая частка святочнай імпрэзы да дня нараджэння знакамітага пісьменніка. На ёй работнікі культуры спявалі, чыталі вершы паэтаў розных краін, прысвечаных Васілю Быкаву, у тым ліку і Рыгора Барадуліна. Таксама на суд гледачоў быў прадстаўлены фрагмент тэатральнай пастаноўкі на ваенную тэматыку па аповесці Васіля Быкава “Бліндаж”.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя