Вандроўка на радзіму Францішка Багушэвіча



21-га сакавіка спаўняецца 180 гадоў стваральніка новай беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, вядомага пад псэўданімамі Сымон Рэўка-пад Барысава і Мацей Бурачок.

У рысе сучасных межаў Беларусі, ёсць некалькі мемарыяльных аб’ёктаў, якія прыпамінаюць пра яго: паэта, адваката сялянаў, паўстанца 1863 года.

Доцішкі Лідскага павету, дзе працаваў настаўнікам у школе, – тут няма знаку.

Вёска Жупраны – цэнтр парафіі  – тут паэт пахаваны на могілках. Адзіная магіла Францішка Багушэвіча і ягоных сваякоў пазначаная па-беларуску. І як па іроніі лёсу, ягоная місія не скончаная. Як сто дваццаць гадоў таму, так і цяпер у гэтай вёсцы хаваюць людзей пад адзнакамі польскай ці расейскай моваў.

Набажэнства за супакой душы песняра Беларускага народу і яго 180-годдзя праводзіць гарадзенскі святар Беларускай каталіцкай Царквы Андрэй Крот.

Бюст Францішка Багушэвіча ў цэнтры аграмястэчка „Жупраны”. Ягоны аўтар вядомы беларускі скульптар Заір Азгур. Бронзавы бюст стваральніка „Смыка Беларускага” стаіць на пастаменце з чырвонага граніту. Згодна легендзе, ён выступаў на гэтым месцы ў 1863 годзе перад сялянамі.

А побач, у тым жа скверы, – памятныя шыльды самому Францішку Багушэвічу, а таксама тракту, вядомаму ад франка-расейскай вайны 1812 году.

У Жупранскім рыма-каталіцкім касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла, які будаваўся з 1854 па 1875 гады, усталяваная памятная шыльда беларускаму песняру, але па-польску.

У Кушлянах, вёсцы непадалёк, жыў апошнія дзесяцігоддзі Францішак Багушэвіч са сваёй сям’ёй. Там ён і памёр у 1900 годзе. Цяпер на месцы сядзібы – літаратурны музей песняра. Дырэктар музея – літаратар Алесь Жамойцін.

На фотаздымку гарадзенская абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы на ганку дома-музея Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, якая ўшанавала 180-годдзе паэта.

Беларусы-гарадзенцы прыехалі да каменя „Мацея Бурачка”.

Па-за межамі сучаснай Беларусі ў Свіранах – ёсць музей, дзе нарадзіўся Францішак Багушэвіч. Пакуль ніяк не адзначана памяць пра ўдзел Францішка Багушэвіча ў Аўгустоўскіх лясах, на тэрыторыі сучаснай Польшчы. У Гародні, на жаль, пакуль няма ніводнай памятнай шыльды слаўнаму беларусу. Хаця менавіта ў Гародні ён прэзентаваў сябе як беларускага паэта, сустракаючыся з Элізай Арэшкай.

Віктар Парфёненка