„Вандроўная Кнігарня” завітала ў Гародню
У дворык гарадзенскай „Цудоўні”, што ў самым цэнтры горада на Кірава 3, з Менску завітала „Вандроўная Кнігарня”, дзе можна было сустрэцца з літаратарамі, філосафамі, паўдзельнічаць у майстар-класе, а таксама набыць кнігі.
Пра ініцыятыву „Вандроўная Кнігарня” распавядае яе арганізатарка Аляксандра Логвінава:
– Гэта праект з’яўляецца грамадскай кампаніяй, якая накіравана на тое, каб данесці беларускамоўныя кнігі ў тыя месцы, дзе іх папросту няма. Мы ведаем, што гэтыя кнігі можна набыць і пачытаць у бібліятэках у вялікіх гарадах, але ў маленькіх гарадах гэтага на жаль амаль няма. Праект пачаўся 5-га кастрычніка, наша першая паездка была ў Гальшаны.
На думку кіраўніка гарадзенскай „Цудоўні” Андрэя Несцяровіча, праект „Вандроўная Кнігарня” вельмі цікавы гарадзенцам:
– „Вандроўная Кнігарня” цікавая сама па сабе, бо кнігарня на колах – гэта найсвяжэйшыя цікавыя кніжкі, якія ездзяць па гарадах, якіх нават у адэкватных кнігарнях часта няма. Наколькі яна цікавая гарадзенцам, з улікам фармату, які яны вядуць, то бок яны прывозяць з сабой аўтараў, перакладчыкаў. Людзі могуць пабачыць тых, хто перакладае тыя кніжкі, якія яны чытаюць, хто піша тыя кніжкі. Можна паслухаць нейкую калялітаратурную дыскусію – гэта таксама цікава. Можна пазнаёміцца з літаратурным светам у жывую.
Падчас гарадзенскіх сустрэчаў можна было пагутарыць з перакладчыцай Марыяй Пушкінай, літаратарам і філосафам лаўрэатам прэміі Гедройца Ігарам Бабковым, а таксама пісьменнікам Паўлам Касцюкевічам.
Беларускае Радыё Рацыя