Вандроўны фестываль вулічных тэатраў адправіцца ў тур па Беларусі



Першы ў гісторыі Беларусі вандроўны фестываль вулічных тэатраў і цырка „Караван радасці” адправіцца 19 траўня ў тур па краіне, паведаміў арт-дырэктар праекта Уладзімір Галак.

Больш за 70 артыстаў на працягу лета прынясуць свята дзясяткам тысяч жыхароў вялікіх і малых населеных пунктаў Беларусі. Стартуе караван у Баранавічах у час святкавання Дня горада. Цыркачы і вулічныя акцёры бясплатна выступяць на трох пляцоўках у самым цэнтры горада. Гледачы змогуць убачыць цыркавыя шоу, дзіцячыя спектаклі, клаўнаду, незвычайныя перформансы і нават жывыя статуі. Закрые праграму незвычайны спектакль пра Дон Кіхота, дзе жадаючыя змогуць стаць удзельнікамі мучной бітвы.

Пасля Баранавіч „Караван радасці” будуць сустракаць у Наваполацку, Кобрыні, Жодзіне, Заслаўі і гарпасёлку Зэльва Гарадзенскай вобласці. „Мы хочам, каб вулічныя артысты зрабілі беларускія гарады яшчэ больш яркімі, прыгожымі, энергічнымі, – растлумачыў Уладзімір Галак. – Пры стварэнні праекта натхняліся творчасцю больш вопытных калег з Расеі і Заходняй Еўропы. Хочам такім чынам далучыць беларускіх гледачоў да сучаснага мастацтва. Таксама гэты праект быў бы немагчымы без ініцыятывы гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, якія пайшлі на такі эксперымент”.

Арганізатары запрашаюць калектывы, якія працуюць у жанрах вулічнага тэатра або цырка, далучыцца да праекта. Дастаткова прыслаць заяўку ў свабоднай форме на электронную пошту [email protected]. Партнёрам праекта выступае Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

belta.by